Новая ракета КНДР можа даляцець да Аляскі


Японія, Паўднёвая Карэя і Кітай традыцыйна асудзілі запуск новай балістычнай ракеты Паўночнай Карэяй. Але цяперашняе асуджэнне Кім Чэн Ына куды больш вострае, чым раней. Здаецца, цярплівасць лідараў трох краін дасягнула межаў.

Паўночная Карэя праігнаравала пагрозы з боку ЗША і рэзалюцыі ААН, і ў чарговы раз абвясціла аб паспяховых выпрабаваннях міжкантынентальнай ракеты, якая ўзнялася на вышыню 2500 метраў і якая ўвайшла ў марскую эканамічную зону Японіі праз 39 хвілін палёту.

Японія будзе працаваць над узмацненнем міжнароднага ціску на Паўночную Карэю, – паведаміў японскі прэм’ер Сіндза Абе. – Я збіраюся заклікаць прэзідэнтаў Кітаю і Расеі ўзяць у гэтай справе больш канструктыўны ўдзел.

Дзеянні Пхеньяна асудзілі таксама ўлады Паўднёвай Карэі.

Ад месца запуску да месца падзення ракета пераадолела каля 900 кіламетраў. Японскія, амерыканскія і паўднёвакарэйскія спецыялісты займаюцца падлікам меркаванай максімальнай далёкасці палёту гэтай зброі. Некаторыя эксперты заяўляюць, што магутнасці ракеты хопіць, каб дасягнуць Аляскі.

Паўночная Карэя толькі што запусціла яшчэ адну ракету, – адрэагаваў на запуск ракеты прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. – У гэтага хлопца ёсць штосьці лепшае ў жыцці? Цяжка даць веры, што Паўднёвая Карэя і Японія будуць мірыцца з гэтым і далей. Магчыма, Кітай зробіць рашучы крок у дачыненні да Паўночнай Карэі і спыніць гэтую лухту раз і назаўжды.

Два месяцы таму, у выніку перамоваў паміж кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам і прэзідэнтам Дональдам Трампам, была дасягнутая дамоўленасць аб адтэрміноўцы на 100 дзён увядзення санкцый супраць кітайскіх кампаніяў, якія супрацоўнічаюць з урадам Паўночнай Карэі. Пхеньян эканамічна моцна залежыць ад сувязяў з Пекінам. Тады кітайскі лідар пагадзіўся ўзмацніць ціск на КНДР. Сёння Паднябесная заклікала да стрыманасці ўсе бакі.

У цяперашні час сітуацыя на паўвостраве складаная і адчувальная. Мы спадзяемся, што ўсе бакі змогуць захоўваць спакой, як мага хутчэй палегчыць напружаную сітуацыю на паўвостраве і вярнуць яе на правільны шлях мірнага дыялогу, – заявіў прэс-сакратар кітайскага МЗС Гэн Шуан.

У сакавіку Пхеньян запусціў адначасова 4 балістычныя ракеты сярэдняга радыусу дзеяння. Ясна, што сённяшняя ракета гэтая зброя больш магутнага класа, а Пхеньян працягвае развіваць сваю ракетна-ядравую праграму. І калі Кітай не зможа самастойна і аператыўна вырашыць праблемы з суседам, амерыканскія санкцыі могуць аказацца не самай грознай зброяй у арсенале Вашынгтона.

Ігар Кулей

Глядзі таксама
Каментары