Новая песня «Мой Пуцін» не спадабалася карыстальнікам сеціва


Спробы новасібірскай спявачкі Марыі Осінцавай, якая выступае пад псеўданімам Машані (Mashany), павысіць сваю папулярнасць за кошт песні і кліпа «Мой Пуцін (Расея-Украіна)» не зрабілі ўражання на расейскую частку інтэрнэту.

Рэакцыя была не вельмі пахвальнай: на відэахостынгу «YouTube» толькі прыкладна 1/8 ацэнак роліка апынулася пазітыўнай («падабайка»), астатнім кліп не спадабаўся, падае Бі-Бі-Сі.

У відэакліпе 29-гадовая сібірачка прыскоквае ў сукенцы колераў расейскага сцяга сярод поля. Затое ў сцэнах, дзе ейная вопратка мае барвы ўкраінскага сцяга, фігуруе цёмны склеп з цаглянай сцяной, у якой Осінцава дэманструе пакуты.

Акрамя таго, цягам кліпа па полі час ад часу праязджае на матацыкле нейкі чалавек у касцюме. Сама ж спявачка прыспеўвае: «Ты Пуцін, ды ты ж Пуцін, з табою быць хачу…»

«Я яшчэ не паспела паглядзець каментары пад відэа, пра Украіну, на мой погляд, адно ясна – што акрамя Расеі яна нікому ў свеце не патрэбная і ніхто яе не ўратуе!», – заявіла сама Марыя ў інтэрвю радыёстанцыі «Сиб.фм».

Пры гэтым дзяўчына ўпэўненая, што расейцы і ўкраінцы як «брацкія народы» мусяць ісці ў адным кірунку.

На дадзены момант спявачка выпусціла адзін альбом – «Mysterious Journey» («Таямнічае падарожжа») на англійскай мове.

Традыцыя складання песняў пра Пуціна ўзыходзіць яшчэ да яго першага прэзідэнцкага тэрміну.

У 2002 годзе жаночы калектыў «Поющие вместе» стаў шырока вядомы дзякуючы поп-кампазіцыі «Такога, як Пуцін». Пасля песня рэгулярна гучала на пракрамлёўскіх мітынгах.

У 2012 годзе песню «Дзякуй табе, Божа, за Уладзіміра» выканаў таджыкскі спявак Талібджан Курбанхонаў.

Летась кампазіцыю кіраўніку Расеі прысвяцілі рэперы-мігранты з Афрыкі. Песня «Go Hard Like Vladimir Putin» распавядае, што для спевакоў з Кеніі і Зімбабвэ Пуцін – прыклад працавітасці і стараннасці.

Пры гэтым крытыкі расейскіх уладаў таксама часта выказваліся ў песеннай форме.

Лідар рок-гурта «Машина времени» Андрэй Макарэвіч яшчэ да масавых пратэстаў 2011 запісаў песню «Да нас у Халуёва прыязджае Пуцін».

Панк-феміністкі «Pussy Riot» спявалі пра Пуціна часцей і званчэй шмат каго, запісаўшы;* не менш за чатыры нумары са згадваннем кіраўніка расейскай дзяржавы.

А ў разгар украінскага крызісу атрымала шырокую вядомасць нецэнзурная песня-крычалка заўзятараў аб прэзідэнце Расеі.

МЯ, паводле Бі-Бі-Сі.

Стужка навінаў