«Новая формула Белсату». Польскі ўрад чакае ад каналу рэформаў


Бэата Шыдла заявіла, што яе ўрад шукае кампрамісу ў справе новай канцэпцыі «Белсату».

У размове з выданнем «wPolityce» польская прэм’ер-міністр адзначыла, што перамовы ў справе «Белсату» працягваюцца.

«Цяпер ідзе пошук кампрамісу і новай формулы каналу – пачакаю вынікаў», – кажа Шыдла.

У сярэдзіне снежня стала вядома, што МЗС Польшчы мае намер скараціць бюджэт «Белсату» на 2/3 – з 17 да 5 млн злотых.

Вітальд Вашчыкоўскі раней заяўляў, «не хоча, але вымушаны» скараціць фінансаванне, бо не мае грошай на наш праект «у сувязі з іншымі заданнямі»: напрыклад, дапамогай сірыйскім уцекачам.

У той жа час польскае МЗС спадзявалася, што Менск дазволіць на трансляцыю ў беларускіх кабельных сетках польскіх каналаў TVP Polonia і TVP Kultura, на якія, паводле польскага міністра, маюць права сотні тысячаў беларускіх палякаў.

«Тут ёсць шэраг тэхнічных аспектаў, а таксама юрыдычных нюансаў, звязаных з выхадам на беларускі інфармацыйны рынак замежных медыяў. Усе яны патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі», – каментаваў сітуацыю прэсавы сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

18 снежня Вашчыкоўскі заявіў, што польскі ўрад замест тэлеканалу «Белсат» плануе стварыць адзіны канал для палякаў замежжа.

На пачатку студзеня Бэата Шыдла запэўніла кіраўніцтва «Белсату», што каналу нічога не пагражае.

Прэсавы-сакратар польскага ўраду Рафал Бохэнэк пацвердзіў, што цяпер выпрацоўваецца новая, кампрамісная формула дзейнасці каналу, і зменаў на «Белсаце» ў гэтым месяцы не будзе.

ДД

Стужка навінаў