Нованароджанай брытанскай прынцэсе далі трайное імя


Герцаг і герцагіня Кеймбрыджскія абвясцілі імя свайго другога дзіцяці.

Нованароджаную прынцэсу назвалі Шарлота Элізабэт Дыяна, гаворыцца ў заяве Кенсінгтанскага палацу.

Чацвёртая ў шэрагу спадчыннікаў брытанскай кароны будзе цяпер афіцыйна называцца «Яе Каралеўскае Высокасць Прынцэса Шарлота Кеймбрыджская», падае Бі-Бі-Сі.

Ужо даволі працяглы час хадзілі чуткі пра тое, што пара можа назваць дзяўчынку Дыянай у памяць аб памерлай маці прынца Ўільяма.

Аднак у букмекераў самымі папулярнымі варыянтамі імя для дзяўчынкі былі Шарлота і Аліса.

Шарлота – жаночая версія імя Чарльз. Імя знакамітае тым, што яго насіла жонка караля Георга III, і стала папулярным менавіта ў XVIII стагоддзі.

Імя Аліса, якое займае другое месца ў спісе букмекераў, належала маці мужа каралевы, герцага Эдынбургскага, а таксама трэцяй дачцэ адной з самых знакамітых брытанскіх каралеў – Вікторыі.

Нованароджаная стала пятай сярод праўнукаў і праўнучак каралевы Элізабэт II і яе мужа герцага Эдынбургскага.

На пытанне пра тое, як прынц Гары – брат бацькі нованароджанай – ставіцца да таго, што ўжо не ёсць чацвёртым прэтэндэнтам на брытанскі трон, ён адказаў: «Выдатна!». Пасля з’яўлення на свет дачкі прынца Ўільяма і прынцэсы Кейт ён стаў пятым у чарзе на каралеўскі пасад, піша Independent. Цяпер прынц Гары знаходзіцца на вайсковай службе ў Аўстраліі і гаворыць, што з нецярпеннем чакае спаткання з малою прынцэсаю.

МЯ, паводле bbc.co.uk, independent.co.uk

Глядзі таксама
Каментары