Нобелеўскую прэмію міру прысудзілі кампаніі за забарону ядравай зброі


Міжнародная кампанія за забарону ядравай зброі (ICAN) атрымала Нобелеўскую прэмію міру 2017-га году. Лаўрэата абвесцілі сёння ў Осла, Нарвегія а 11-й гадзіне па цэнтральнаеўрапейскім часе.

«Арганізацыя атрымлівае ўзнагароду за прыцягненне ўвагі да катастрафічных гуманітарных наступстваў пры любым выкарыстанні ядравай зброі, а таксама за іх інавацыйныя намаганні дасягнуць афіцыйных дамоўленасцяў аб забароне гэтых узбраенняў», – сказана ў афіцыйным паведамленні Нобелеўскага камітэту.

ICAN зʼяўляецца абʼяднаннем няўрадавых арганізацыяў з больш, чым 100 краінаў свету. Яны зʼяўляюцца найбольш уплывовым грамадскім чыннікам, які схіляе краіны да перамоваў аб абмежаванні, раззбраенні і стыгматызацыі ядравай зброі. На сённяшні дзень, 108 дзяржаў узялі на сябе падобныя абавязкі.

Кампанія ICAN пачала сваё існаванне ў 2007 годзе.

Выбар Нобелеўскага камітэту выглядае, як папрок 9 краінам, якія валодаюць ядравай зброяй. Сярод іх – ЗША, Кітай, Расея. У ліпені 2017-га году яны праігнаравалі перамовы ААН аб пагадненні наконт забароны выкарыстання ядравай зброі.

Нобелеўскі камітэт у сваім паведамленні падкрэсліў:

«У наступныя крокі павінны ўключыцца ядравыя дзяржавы. У гэтым годзе Прэмія міру – гэта заклік гэтым дзяржавам распачаць сурʼёзныя перамовы з перспектывай паступова, збалансавана і пад наглядам знішчыць амаль 15 000 адзінак ядравай зброі, што зараз ёсць у свеце»

Учора стала вядома імя Нобелеўскага лаўрэта па літаратуры гэтага году. Ім стаў брытанскі пісьменнік японскага паходжання Кадзуо Ісігуро.

ВЧ, belsat.eu 

Глядзі таксама
Каментары