Нобэлеўскі тыдзень са Святланай Алексіевіч: онлайн на «Белсаце»!


Трансляцыі з нобэлеўскіх імпрэзаў, аналітыка і публіцыстыка, рэпартажы і фільмы, актуальныя падзеі, абмеркаванні, спрэчкі і інтрыгі вакол нашага першага ў гісторыі Нобэля – усё гэта вы пабачыце ў межах «Нобэлеўскага тыдня са Святланай Алексіевіч» у эфіры «Белсату» ды падчас онлайн-трансляцый на belsat.eu.

10 снежня ў Стакгольме і Осла ўручаць Нобэлеўскія прэміі–2015 за дасягненні ў розных галінах дзейнасці – ад медыцыны да літаратуры. У шведскай сталіцы першага Нобэля для Беларусі атрымае пісьменніца Святлана Алексіевіч.

З нагоды гэтай гістарычнай падзеі значную частку эфіру на тэлеканале «Белсат» з 7 да 11 снежня зойме «Нобэлеўскі тыдзень са Святланай Алексіевіч».

7 снежня, у панядзелак, а 19:30 на «Белсаце» – расповед пра адмысловую лекцыю беларускай нобэлеўскай лаўрэаткі ў Шведскай акадэміі, а 10 снежня а 18:30 – наўпроставая трансляцыя з перакладам на беларускую цырымоніі ўганаравання Нобэлеўскімі прэміямі за 2015 год са Стакгольмскай канцэртнай залы.

Паглядзець нажыва, як Святлана Алексіевіч атрымае літаратурнага Нобэля з грашовым дадаткам на амаль мільён долараў і выступіць з прамовай можна як па тэлевізары з дапамогай спадарожнікавай антэны, так і на камп’ютары ці тэлефоне праз онлайн-сэрвіс на сайце нашага каналу belsat.eu.

aleksievich-houmshsr-5-800x534

Апрача гэтага, «Нобэлеўскі тыдзень са Святланай Алексіевіч» складуць штодзённыя рэпартажы спецыяльнага карэспандэнта «Белсату» у Стакгольме Аліны Коўшык, у тым ліку аб вялікай прэс-канферэнцыі нашай зямлячкі, а таксама адмысловыя выданні перадач «Два на два», «Рэмарка», «Размова», «Прасвет».

У панядзелак 7 снежня а 22:05 глядзіце праграму «Рэмарка»:

Юлія Цімафеева ў кнігарні Логвінаў распавядае пра творчасць Святланы Алексіевіч, за якія дасягненні атрымала ўзнагароду. Таксама вы даведаецеся найцікавейшыя факты пра апошнюю кнігу Алексіевіч кнігу «Час сэканд хэнд».

Пазней а 22.30 у эфіры «Белсату» дакументальны фільм Юрыя Каліны «Зона»:

Гэта стужка з удзелам Святланы Алексіевіч, які распавядае пра адну з найстрашнейшых катастрофаў, што закранула беларусаў у ХХ ст. – радыяцыйнае забруджванне пасля аварыі на ЧАЭС. Шчырыя расповеды «чарнобыльцаў» пра жыццё ў зоне высялення і па-за ёю, філасофскія развагі і адчуванне глабальнага маштабу нябачнага «ворага» – радыяцыі. Пошукі ўніверсальнага разумення вартасці чалавечага жыцця і адказнасці за лёс чалавецтва.

У аўторак 8 снежня ў 21.40 літаратары Зміцер Вішнёў і Славамір Адамовіч у студыі «Два на два» будуць шукаць адказы на пытанні пра тое, што дасць Нобэль беларускай культуры і грамадству.

Нобэлеўская прэмія – гэта не толькі грашовая ўзнагарода і слава для лаўрэата. Гэта таксама 5 хвілін увагі для краіны, якую прадстаўляе лаўрэат. 5 хвілін увагі да яе культуры і, найперш, літаратуры. Што зробіць Беларусь з пяццю хвілінамі ўвагі ў свеце, якія яна не купіць ні за якія грошы? Пра гэта ў студыі размаўляюць пісьменнікі Зміцер Вішнёў і Славамір Адамовіч.

У сераду 9 снежня а 22:35 – рэпартаж з прэсавай канферэнцыі Святланы Алексіевіч, падчас якой пытанні ёй будуць задаваць журналісты з усяго свету.

У чацвер 10 снежня ў 21.25 крытык, прэс-сакратар Саюзу беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч у перадачы «Размова» распавядзе, за кошт чаго можна выйграць Нобэля і як гэтага сярод сотняў пісьменнікаў удалося дамагчыся Святлане Алексіевіч.

І, нарэшце, у пятніцу 11 снежня а 21.40 у адмысловым выданні праграмы «ПраСвет» будуць падведзеныя вынікі Нобэлеўскага тыдня.

Што свет даведацца пра Беларусь дзякуючы Святлане Алексіевіч? Што страціў Менск, ігнаруючы Нобэль для беларускай пісьменніцы? У «Прасвеце» мы падсумуем нобэлеўскі тыдзень Святланы Алексіевіч.

Святкуйма атрыманне першага беларускага Нобэля разам!

Глядзі таксама
Каментары