Нобэлеўскі лаўрэат еў каціны корм, каб напісаць кнігу


Нобэлеўскія лаўрэаты па эканоміцы Роберт Шылер і Джордж Акерлоф выпусцілі кнігу «Phishing for Phools» («Пастка для дурняў»), у якой распавядаюць, як рынак выкарыстоўвае слабасці людзей длзеля сваёй выгады.

Аўтары сцвярджаюць, што калі ёсць магчымасць зарабіць на чужых слабасцях, то нехта абавязкова гэта зробіць, паведамляе euroradio.fm са спасылкай на «The Washington Post».

Адзін з аўтараў, Роберт Шылер вырашыў пакаштаваць розныя віды «класнага» кацінага корму, каб высветліць, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго. Навуковец высветліў, што ўся ежа для катоў мае аднолькавы смак. Адпаведна, вытворцы корму падманваюць спажыўца, аднак паколькі жывёлы ядуць корм, то давесці праблему будзе складана.

Гаворачы пра якасць корму, нобэлеўскі лаўрэат адзначыў, што ў рэстаранах яму траплялася ежа, якая была горшай за каціную. Таксама Шылер лічыць такі падман спажыўца карысным, бо ён дапамагае дасягнуць шчасця. Напрыклад, некаторыя людзі ганарацца тым, што песцяць сваіх хатніх гадаванцаў, набываючы ім розны корм.

Суаўтар кнігі Джордж Акерлоф дадаў, што калі рынкавыя хітрасці прыносяць чалавеку карысць і не наносяць шкоды, то ўсё ў парадку:

«Калі з-за падману людзі захворваюць на рак лёгкіх, бо яны выкурвалі занадта шмат цыгарэт, або дзеці захворваюць на дыябет, або падаюць фінансавыя рынкі, або не працуе палітычная сістэма – мы гэтага не хочам. А калі Боб корміць ката класным кормам і адчувае сябе добра з-за гэтага, то окей, няхай корміць. Я не буду пераймацца праз гэта».

belsat.eu, паводле euroradio.fm

Стужка навінаў