Чыгунка: Нобэлеўская прэмія для Алексіевіч, або Канец мараў пра Расейскі Райх


Цяжка не ацаніць спрытнасці Шведскай каралеўскай акадэміі, якая, уручаючы ўзнагароду Алексіевіч, гэтак інтэлігентна патроліла… не, зусім не Лукашэнку – гэта быў найперш камень у агарод Пуціна.

У «русском мире» ўжо забулькаталі крытыкі, маўляў «гэта палітызаваная ўзнагарода». У калоне крытыкаў апынуўся і пісьменнік ды змагар за беларуска-расейскае яднанне Андрэй Герашчанка, які дамагаецца заснавання «непалітызаванай» «Прэміі Ламаносава».

Нават калі ў гэтым або іншых гадах Нобэлеўская прэмія і мела палітычны ўхіл, абвінаваціць Каралеўскую акадэмію ў аднабаковасці не выпадае. Калі Джордж Буш выслаў амерыканскія войскі ў Ірак, узнагароду Нобэля атрымаў Гэральд Пінтэр, які адкрыта называў амерыканскага лідара масавым забойцам. Адным словам, падвойнымі стандартамі, у выкарыстанні якіх расейская эліта абвінавачвае ўвесь свет, тут і не пахне.

Вяртаючыся да Алексіевіч, шведская ўзнагарода б’е ў самае сэрца расейскага імперыялізму.

Тое, што ў Беларусі жыве пісьменніца, якая піша па-расейску і пры гэтым не хоча, каб Расея, што «ўстае з каленяў» бараніла яе перад кім-кольвек, можа разарваць шаблоны нават самага зацятага расейскага імперыяліста.

Некаторым цяпер давядзецца ўсвядоміць, што на постсавецкай тэрыторыі жывуць мільёны расейскамоўных, якім не па дарозе з сучаснай Расеяй.

Прэмія для Алексіевіч – гэта сімвал краху пуцінскай мары пра Расейскі Райх, які меў прыгарнуць да сябе ўсіх расейскамоўных. Параўнанне з Нямецкім Райхам тут невыпадковае. Бо, як мы ўсе добра ведаем, такія мары былі і ў нямецкага фюрэра, які амаль з’яднаў усіх нямецкамоўных у адной краіне, але скончылася гэта трагедыяй і для яго самога, і для ўсёй Нямеччыны. У свой час з такой ідэяй пайшоў у народ і Слабодан Мілошэвіч, але так загуляўся ў абарону сербаў у Харватыі, што ўрэшце рэшт большасць мусіла адтуль уцячы, а Мілошэвіч зрабіў свае апошнія ўздыхі ў турэмных сценах.

Расейская мова – не інструмент імперыялізму. Расейскае слова можа мець крылы свабоды. Свабодай і праўдай расейскае слова акрыляла не толькі Алексіевіч. Расейскамоўная песня «Воіны святла» «Ляпіса Трубяцкога» стала гімнам украінскага Майдану. І такія прыклады можна працягваць бясконца.

Давайце не будзем забываць, пра што піша Алексіевіч. Ейныя найлепшыя кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва» – гэта сапраўднае memento для тых, хто сядзіць у Крамлі – асабліва цяпер. Вайна ў Афганістане таксама распачалася ад увядзення «абмежаванага кантынгенту», а скончылася ганебнымі ўцёкамі, тысячамі дарэмна забітых, не кажучы ўжо пра эканамічныя наступствы гэтае вайны. Сёння Расея мае ўсе шанцы загразнуць у Сірыі, як гэта было ў Афганістане. Тое, як савецкая ўлада хавала праўду пра чарнобыльскую катастрофу, грэбуючы чалавечымі жыццямі, гэты механізм вялікага падману нагадвае пра тое, як Расея паступіла сёння з Украінай, распачаўшы супраць яе ціхую, неабвешчаную вайну.

Расейскія жаўнеры гінуць падчас «вучэнняў» ля ўкраінскай мяжы, а дадому ва ўмовах сакрэтнасці вяртаюцца цынкавыя труны. Гісторыя зноўку паўтараецца.

У гэтым кантэксце Алексіевіч небяспечная для Пуціна. Прыйдзе дзень, калі дахаты з Данбасу пачнуць вяртацца калекі і людзі, якія зразумелі, што былі пешкамі ў гульні расейскіх палітыкаў, сталіся падманутымі ды цяпер нікому не патрэбнымі. І калі яны пачнуць распавядаць праўду, Алексіевіч з лёгкасцю збярэ матэрыял на новую кнігу, якую прачытае ўвесь свет.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў