НІСЭПД спыняе правядзенне апытанняў у Беларусі


Zrzut ekranu 2016-08-09 o 17.08.54

Алег Манаеў

Праводзіць апытанні грамадскай думкі ў агляднай будучыні НІСЭПД не зможа, паколькі «апытальную сетку ўлады разбурылі«.

Пра гэта заявіў заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва) Алег Манаеў.

31 ліпеня тэлеканал «Беларусь 1» паказаў фільм «Прымат НІСЭПД». Сутнасць яго зводзілася да наступнага: рэальных апытанняў інстытут у Беларусі не праводзіць, а людзі, якія ў дакументах указаныя як каардынатары даследаванняў, ніякага дачынення да НІСЭПД не маюць. Такім чынам, рабілі выснову аўтары фільма, сацыёлагі пад выглядам апытанняў проста «распілоўваюць» грошы спонсараў.

Паказаны фільм – не першая спроба дыскрэдытацыі НІСЭПД з дапамогай дзяржаўных СМІ, але ніколі раней гэта не ўплывала на працу інстытуту ў Беларусі.

На пытанне, чаму зараз правядзенне сацапытанняў будзе спынена, Алег Манаеў патлумачыў:

«Папярэднія атакі ўладаў закраналі тых, хто працаваў у інстытуце (а ў ім ніколі не працавала больш за дзесяць чалавек). Але на гэты раз яны пайшлі «углыб» – закранулі тых, хто працаваў на інстытут, а гэта больш за 100 чалавек. Таму ў агляднай будучыні НІСЭПД не зможа праводзіць апытанні грамадскай думкі».

«Нават калі заўтра хтосьці і пагадзіўся б на такую працу, мы не можам рызыкаваць людзьмі», – дадаў заснавальнік НІСЭПД.

Аптымізму няма

Такая сітуацыя, паводле яго слоў, можа працягнуцца дастаткова доўга.

«Ні змены палітычнага курсу, ні змены ўлады ў Беларусі ў найбліжэйшы час не прадбачыцца, а ў цяперашніх умовах узнавіць сетку падрыхтаваных інтэрвʼюераў для правядзення незалежных ад уладаў апытанняў, як гэта было магчыма ў пачатку 1990-х гадоў, немагчыма», – адзначыў Манаеў.

«Але мы знойдзем іншыя формы працягваць сваю дзейнасць і выконваць сваю місію», – падкрэсліў ён.

Такімі формамі дзейнасці, паводле сацыёлага, можа быць падрыхтоўка аналітычных тэкстаў і іх распаўсюджванне праз медыі альбо шляхам прамой рассылкі адрасатам, а таксама арганізацыя канферэнцый, семінараў, сустрэч і дыскусіяў па актуальных праблемах грамадскага развіцця Беларусі за мяжой.

«Выкрыццё» БТ

Каментуючы інфармацыю, якая прагучала ў фільме «Прымат НІСЭПД», Манаеў заявіў, што некаторых людзей, якія значыліся ў паказаных спісах інтэрвʼюераў, ён ведае на працягу многіх гадоў, але большасць прозвішчаў яму незнаёмыя.

«Але тут справа не ў прозвішчах, датах, відах дзейнасці, сумах выплат і гэтак далей, а ў тым, што ўсе гэтыя дакументы – не друкаваныя асобнікі, а электронныя копіі з электроннымі подпісамі. Як беларускія спецслужбы «робяць» такія дакументы, мы ў НІСЭПД вельмі добра ведаем за больш чым дваццацігадовую гісторыю супрацьстаяння разнастайным рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў, і таму ніводнаму з іх не верым і каментаваць іх не можам», – дадаў сацыёлаг.

Паводле слоў Манаева, ён добра ведае Яўгенія Кавалёва, якога ў фільме прадстаўлялі як каардынатара апытальнай сеткі НІСЭПД па Беларусі і які расказваў, што апытанні НІСЭПД паўнавартасна не праводзяцца.

«Ён мой былы студэнт, цягам шмат гадоў сапраўды займаўся апытаннямі грамадскай думкі. Я яму цалкам давяраю і цаню як калегу і сапраўднага прафесіянала, – сказаў Манаеў. – Аднак сурʼёзна прымаць у разлік усё тое, што ён кажа ў «спецыяльным рэпартажы» БТ, не магу, паколькі добра вядома, як беларускія спецслужбы дамагаюцца такіх «прызнальных паказанняў». Думаю, шмат хто звярнуў ўвагу на тое, як выглядаў і трымаў сябе Яўген Кавалёў перад камерай».

Пасля рэпартажу дзяржтэлебачання донары папрасілі тлумачэнне

Што да абвінавачанняў з нагоды якасці апытанняў НІСЭПД, і ў прыватнасці адсутнасці маршрутных лістоў, то, як адзначыў сацыёлаг, у апытаннях звычайна ўдзельнічае каля 100 інтэрвʼюераў. Акрамя таго, замежныя партнёры НІСЭПД некалькі разоў праводзілі адпаведныя праверкі.

«Сам факт таго, што працягваецца праца НІСЭПД, кажа пра тое, што гэтыя праверкі былі паспяхова праведзены. Маршрутныя лісты пры правядзенні апытанняў – абавязковая ўмова іх правядзення. Але, зыходзячы з рэальнай сітуацыі, у якой апошнія дзесяць гадоў праводзяцца апытанні НІСЭПД, яны, як і іншыя дакументы інстытуту, не захоўваюцца доўга», – расказаў Манаеў.

Паводле яго слоў, пасля выхаду фільма донары НІСЭПД звярталіся да інстытуту за тлумачэннямі.

«І мы даем адпаведныя тлумачэнні», – сказаў Манаеў.

Ён назваў «чыстай хлуснёй «інфармацыю пра тое, што менавіта адсутнасць маршрутных лістоў стала падставай ліквідацыі НІСЭПД у красавіку 2005 года.

«Працэс ліквідацыі інстытуту доўжыўся ў Вярхоўным судзе тры дні, не кажучы ўжо пра яго падрыхтоўчую стадыю, і суправаджаўся цэлым патокам прамоваў і папер – ні ў адной з іх маршрутныя лісты не фігуравалі, – падкрэсліў Манаеў. – Галоўная прэтэнзія Мінюста заключалася ў тым, што мы адмовіліся прадстаўляць ім запоўненыя анкеты перад публікацыяй вынікаў апытанняў, паколькі па іх таксама можна было вызначыць інтэрвʼюераў».

Паводле яго слоў, рэальная праблема ў тым, што »спачатку беларускія ўлады паставілі незалежную сацыялогію фактычна ў нелегальнае становішча, а потым, як ні ў чым не бывала, патрабуюць, каб незалежныя сацыёлагі дзейнічалі ў гэтых «прававых» (на самой справе, антыправавых) рамках«.

Напрыклад, сказаў Манаеў, для атрымання акрэдытацыі ў камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук неабходна ўзгадняць апытальнікі інтэрвʼю »на прадмет адпаведнасці стандартам якасці».

«Але маса пытанняў, асабліва «адчувальных» для ўладаў, не могуць быць «узгодненыя», напрыклад – аб рэальных выніках выбараў, рэйтынгу прэзідэнта, стаўленні да бягучай палітыкі, – дадаў ён. – А да таго ж, акрамя «кантэнту», неабходна прадстаўляць адпаведную інфармацыю аб сетцы інтэрвʼюераў, заказчыках і шмат чаго яшчэ. Дарэчы, тое ж тычацца і публікацыі вынікаў апытанняў у медыях».

Апытанні згортваюцца

«Ніхто не хоча «вылецець» з працы ці вучобы або, тым больш, сесці ў турму. Таму трэба казаць не столькі пра маніпуляцыі заказчыкаў і аўтараў гэтага «спецыяльнага рэпартажу», колькі пра маніпуляцыі ўладаў у больш шырокім сэнсе – выкарыстанне манаполіі на выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўладу, а таксама СМІ ў сваіх палітычных і эканамічных інтарэсах«, – падкрэсліў заснавальнік НІСЭПД.

«Беларускія ўлады акурат зацікаўлены ў тым, каб мы пачалі апраўдвацца, спрачацца, прыводзіць доказы па кожным «пункце абвінавачання», – уцягнуць нас у сваю «брудную гульню» і ў выніку дыскрэдытаваць НІСЭПД і заткнуць рот грамадскай думцы ў нашай краіне», – перакананы прафесар Манаеў.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў