Ніну Багінскую аштрафавалі за пікет ля КДБ. Актывістка: «Няхай задушацца»


Суд Цэнтральнага раёну гораду Менску аштрафаваў грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 50 базавых велічыняў (1050 рублёў) за пікет ля будынку КДБ 24 сакавіка. Багінская на працэсе не прысутнічала і пра рашэнне судзі даведалася ад журналістаў.

«Я ж не хаджу на гэтыя суды. Калі я выходзіла на пікет мяне папярэджваў супрацоўнік Цэнтральнага РАУС, што за гэта вы атрымаеце 50 базавых велічынь штрафу. Я толькі паціснула плячыма:у мяне і 50 базавых ужо было, і 40, і 30, але мне ўсё роўна плаціць няма з чаго і я плаціць ня буду. Ну вось далі зараз 50 базавых…Няхай задушацца! Яны ж такім чынам адпрацоўваюць свае зарплаты», – заявіла Багінская ў інтэрвʼю Белсату.

Актывістка лічыць, што яе права выходзіць на мірныя сходы гарантуе Канстытуцыя, таму гэты адміністратыўны пераслед яна не лічыць законным.

«Гэтая ўлада нелегітымная і я ўсе гэтыя штрафы не лічу правільнымі. Яны хочуць застрашыць людзей на маім прыкладзе, а мне толькі смешна ад гэтага», – кажа яна.

24 сакавіка Ніна Багінская выйшла на пікет ля КДБ, патрабуючы спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітвязняў, і была затрымана. Потым, ужо пасля Дня Волі, яна працягвала выходзіць да будынку Камітэту дзяржбяспекі на пікеты – у тым ліку яна прымала ўдзел у акцыі салідарнасці з арыштаванымі па «справе баевікоў».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў