«Nike» прыпыніла супрацу з тэнісісткай Марыяй Шарапавай, якую злавілі на допінгу


Марыя Шарапава была тварам кампаніі «Nike». Фота e-tennis.com

Кампанія «Nike» абвясціла аб прыпыненні супрацы з расейскай тэнісісткай Марыяй Шарапавай, якая прызналася ва ўжыванні допінгу.

У заяве, распаўсюджанай «Nike», гаворыцца, што дзеянне кантракту з Шарапавай замарожанае да завяршэння расследавання, якое праводзіць у адносінах да спартсменкі Міжнародная федэрацыя тэнісу.

«Мы засмучаныя і здзіўленыя навінамі аб Марыі Шарапавай», – гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай «Nike» праз некалькі гадзін пасля таго, як спартсменка прызналася ва ўжыванні допінгу.

Пагадненне з «Nike» – найбуйнейшы рэкламны кантракт Марыі Шарапавай. Акрамя «Nike» ў спартсменкі ёсць кантракты з яшчэ некалькімі кампаніямі, уключаючы вытворцаў гадзіннікаў «Tag Heuer International SA» і марку мінеральнай вады «Evian». Іншыя рэкламадаўцы сітуацыю пакуль ніяк не пракаментавалі.

Шарапава, дзякуючы рэкламным кантрактам, зʼяўляецца самай высокааплатнай спартсменкай у свеце. Па падліках «Forbes», у 2015 годзе яна зарабіла $ 29,5 млн. Шарапава – пяціразовая пераможца турніраў Вялікага шлема. Яна займае сёмае месца ў рэйтынгу WTA.

Марыя Шарапава 7 сакавіка на адмыслова скліканай прэс-канфэрэнцыі заявіла, што допінг-проба, якую яна здала на Australian Open-2016, аказалася станоўчай. Шарапава заявіла, што цягам апошніх дзесяці гадоў прымала па прызначэнні лекара прэпарат, які ўвайшоў у спіс забароненых у студзені 2016 года. У снежні Сусветнае антыдопінгавае агенцтва даслала ёй абноўлены спіс, але яна не звярнула ўвагу на змены.

«Я ведаю, што будуць наступствы, але я не хачу такім чынам завяршаць карʼеру, – заявіла Шарапава. – Спадзяюся, што ў мяне яшчэ будзе шанец згуляць ».

Тэнісістка часова адхіленая ад усіх спаборніцтваў, яе далейшы лёс вырашыць Міжнародная федэрацыя тэнісу.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары