Ніка Сандрас адкрые мастацкую школу і краму вопраткі ў Варшаве


Belsat.eu наведаўся ў майстэрню ды распытаў пра творчыя справы вядомай мастачкі.

Ніка сустрэла нас у атмасферным двухпакаёвым офісе, што ў будынку заводу «Луч» каля Парка Чалюскінцаў. Тут адбываюцца заняткі па маляванні для дзяцей і дарослых. Мастачка расказвае, што апошнім часам яе часта запрашаюць на карпаратывы вучыць жывапісу працаўнікоў кампаніяў.

«Нядаўна ў мяне была фірма, якая займаецца медпрэпаратамі. У чацвер я іду ў амбасаду Вялікай Брытаніі. Напісалі, што пажадана ўзяць паперу А3 на выпадак, калі ў кагосьці з пасольскіх атрымаецца карціна, каб яны павесілі яе на сцяну», – замілоўваецца Ніка Сандрас.

MART4183

Мастачка расказвае, што ў лістападзе яна разам з пацыентамі псіха-неўралагічнага інтэрната рыхтуе вялікі аўкцыён. Ніка раз на тыдзень вядзе там заняткі па маляванні.

«У мяне было жаданне ім нешта даць, але яны такія крутыя! Я сама ў іх шмат чаму вучуся. Яны жартуюць неверагодна! Учора геніяльна пажартаваў хлопец. Я кажу «Восень – цудоўная пара году. Я заўжды жыла б у восені». А ён «Так, вельмі прыгожа. Шкада, што ў нас восенню абвастрэнні здараюцца», – распавядае мастачка.

«Галуба, налі мне гарбаткі», «А як вы ставіцеся да Мандэльштама?», «Гэта ў вас «Crystal Noir» духі?» – у такой атмасферы цяпер ствараюцца карціны, якія і будуць выстаўленыя на дабрачынны продаж. Да іх Ніка намалюе серыю сваіх прац.

Ніка Сандрас ізноў збіраецца жыць на два гарады: Менск і Варшаву. У польскай сталіцы яна плануе весці школу па маляванні.

«У мяне было выставы тры ў Беларускім доме. З беларускай супольнасці думаю і пачаць, – кажа Ніка. – Спачатку для дзяцей, пасля для дарослых, пасля я хацела б і для палякаў рабіць, каб улівацца ў іх супольнасць».

Пасля ўдалага вопыту супрацы з фірмай «Mark Formelle» мастачка ўсур’ёз задумалася над працягам аўтарскай вопраткі: цяпер не толькі з уласнымі прынтамі, але і па сваіх выкрайках. У Варшаве Ніка хоча адчыніць краму.

«Я хацела б шыць рэчы з трыкатажу ці бавоўны. Толькі я не ўяўляю сябе як дызайнер вопраткі, бо ўсё ж не маю спецыяльнай адукацыі», – прызнаецца Ніка.

Яна кажа, што ў Польшчы адчувае сябе свабодна: продкі па бацькавай лініі Нікі палякі. Мастачка расказвае, што пакуль у яе не было мужа, то планавала перабірацца туды ўвогуле. Цяпер Ніка глядзіць на пытанне месца для жыцця па-іншаму: «там дзе мая сям’я, там мне нармальна».

«Мне ў Беларусі добра. Я тут зарабляць умею. У мяне тут школа. Я ў пэўныя колы ўваходжу – шмат якія пытанні вырашаюцца. А там булкамі пахне! Я там люблю быць! Там я ўдома», – эмацыйна завяршае размову Ніка.

ХМ belsat.eu

Фота МР

Глядзі таксама
Каментары