«Ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе». Прэс-сакратар Лукашэнкі – пра Печы


Следчы камітэт пацвярджае, што ногі Аляксандра Коржыча былі звязаныя, а на галаве была кашуля. Лукашэнка бярэ сітуацыю пад асабісты кантроль.

Прадстаўнік Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч пракаментаваў у пятніцу справу аб гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча.

Паводле Кабаковіча, з 17-га верасня Аляксандр Коржыч лячыўся ў медычнае частцы, адкуль яго выпісалі 26 верасня. З таго часу пра яго нічога не было вядома да 3 кастрычніка, калі знайшлі павешаным.

Кабаковіч пацвердзіў, што ў павешанага салдата на галаве была кашуля, а ногі былі звязаныя шнурком.

Кабаковіч дадаў, што дапытана каля двух дзясяткаў вайскоўцаў – ніхто з іх не сказаў, што ў жаўнер разважаў самагубства.

Прадстаўнік СК дадаў, што падазраваныя па справе – двое сяржантаў, цяпер прымаецца рашэнне аб іх затрыманні. Паводле Кабяковіча, адзін з сяржантаў, камандзір аддзялення, «ставіў Коржыча ў больш прывілегіяванае становішча»: жаўнер перадаваў сяржанту тэлефон, харчы, цыгарэты.

«Сумы пабораў складалі ад Br 20 да 40», – заявіў Кабаковіч.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справы ў дачыненні да старшыны, прапаршчыка роты паводле артыкулу «Махлярства». Следчыя ўстанавіла, што ён скраў з банкаўскай карткі Аляксандра Коржыча больш за Br 180 рублёў. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, плануецца затрыманне прапаршчыка.

(Сама)забойствам Коржыча зацікавіўся Лукашэнка

Сітуацыю вакол гібелі юнака 13 кастрычніка Лукашэнка абмяркоўваў на нарадзе з сілавікамі. Пасля сустрэчы прэсавая сакратарка Лукашэнкі заявіла, што гэтае пытанне знаходзіцца пад пільным кантролем кіраўніка дзяржавы. Гэта адбылося адразу пасля распачатага ў інтэрнэце збору подпісаў за адстаўку міністра абароны. На гэты момант петыцыю падпісалі больш за 10 тысячаў чалавек.

«Адказным асобам даручана разабрацца ў сітуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да дробязяў і прадставіць аб’ектыўны вынік, – цытуе Наталлю Эйсмант «Белта».

«Аляксандру Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца пра хаду аператыўных дзеянняў. Пазіцыя прэзідэнта ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе», – дадала Эйсмант.

У бліжэйшы час будуць дапытаныя больш за 60 службоўцаў роты, з якімі служыў Коржыч. Таксама дапытаюць больш за сотню чалавек з медычнае роты.

Следчыя прызначылі комплексную экспертызу па даследаванні адзення салдата, слядоў у памяшканні, дзе знайшлі цела, а таксама пасмяротную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу жаўнера.

ДД

Стужка навінаў