Нідэрланды і Аўстралія абвінавацілі Расею ў крушэнні MH17. РФ: Гэта не наша ракета


Нідэрланды і Аўстралія афіцыйна лічаць Расею вінаватай у трагедыі.

Нідэрланды заклікалі Маскву супрацоўнічаць у расследаванні справы MH17 і выплаціць кампенсацыю блізкім ахвяраў.

«Урад робіць наступны крок, афіцыйна называючы Расею адказнай», – заявіў сёння міністр замежных справаў Нідэрландаў Стэф Блёк.

Палітык адзначыў, што прыцягнуць да адказнасці дзяржаву – гэта складаная юрыдычная працэдура. У той жа час кіраўніца МЗС Аўстраліі Джулі Бішап афіцыйна ўсклала на Маскву наўпроставую адказнасць за крушэнне малаазійскага «Боінгу».

«Грунтуючыся на высновах JIT (Аб’яднанай следчай групы), Нідэрланды і Аўстралія прыйшлі да пераканання, што Расея нясе адказнасць за пастаўку комплексу «Бук», якая выкарыстоўвалася, каб збіць MH17», – адзначыў Стэф Блёк.

Самалёт рэйсу MH17 быў збіты ў небе над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. «Боінг-777» ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. На ягоным борце былі 298 асобаў, усе яны загінулі. Большасць пасажыраў на борце былі грамадзянамі Нідэрландаў. Таксама загінулі грамадзяне Аўстраліі, Малайзіі, Вялікай Брытаніі, Бельгіі, Канады, Інданезіі, Нямеччыны, Новай Зеландыі і Філіпінаў.

Следства ўскладвае адказнасць на Расею

24 траўня прадстаўнікі Аб’яднанай следчай групы заявілі: комплекс «Бук», з якога запусцілі ракету, і якая збіла пасажырскі самалёт, належала расейскім узброеным сілам. Паводле следства, «Бук» знаходзіўся на ўзбраенні 53-й зенітнай ракетнай брыгады, што базуецца ў Курску.

Расея намякае на «украінскае паходжанне» ракеты

Мінабароны РФ сцвярджае, што ракету, якая збіла МН17, знялі з узбраення ў 2011 годзе. «У той жа час з моманту спынення існавання СССР у 1991 годзе і наступнага раздзелу вайсковай маёмасці ва Украіну, якая атрымала ва ўласнасць каля дваццаці дывізіёнаў ЗРК «Бук», не было пастаўлена нi адной новай зенітнай ракеты», – гаворыцца ў заяве Мінабароны РФ. Паводле расейскага вайсковага ведамства, «серыйны нумар, нанесены на рухавік ракеты, адназначна ўказвае, што агрэгат быў зроблены ў 1986 годзе».

«Bellingcat»: падазраваны ў крушэнні MH17 – супрацоўнік ГРУ

Журналісты з міжнароднай грамадскай групы «Bellingcat» упэўненыя, што ім «з вялікай верагоднасцю» ўдалося высветліць асобу аднаго з падазраваных. Гаворка ідзе пра чалавека, які хаваецца пад мянушкамі Андрей Иванович ды Орион. Удзельнікі групы ўпэўненыя, што гэта дзеючы супрацоўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Алег Іваннікаў.

«Гэта быў чалавек, які непасрэдна камандаваў вайсковымі аперацыямі ў гэтым раёне, і, як мы ўчора чулі ад Аб’яднанай следчай групы, там прысутнічала расейскай вайсковая частка, і мы не бачым, як ён не мог не быць звязаны са знішчэннем рэйсу MH17», – сказаў на прэс-канферэнцыі ў Гаазе чалец расследавання «Bellingcat» Морыс Ракушніцкі.

НМ, belsat.eu, паводле DW, BBC

Фотаздымак Maxim Zmeyev/File Photo/ Forum

Стужка навінаў