Нічога лішняга: школьных настаўнікаў абавяжуць весці ўсяго чатыры дакументы


Міністэрства адукацыі вызначыла пералік абавязковых дакументаў, з якім будуць працаваць настаўнікі, выхавальнікі, класныя кіраўнікі і іншыя работнікі сістэмы адукацыі. У настаўніка – усяго чатыры пункты.

У пастанове міністэрства № 164 ад 27 снежня вызначаны пералік дакументаў, якія павінны весці школьныя настаўнікі.

Іх усяго чатыры: класны журнал, каляндарна-тэматычнае планаванне, пазаняткавае планаванне, дзённікі вучняў.

Класны кіраўнік абавязаны весці пяць дакументаў: класны журнал, планаванне работы (на паўгоддзе), сацыяльна-педагагічную характарыстыку класа (падтрымліваецца ў актуальным стане на працягу года, карэктуецца пры неабходнасці), асабістыя карткі кожнага вучня, дзённікі вучняў.

У пастанове таксама гаворыцца, што мясцовыя ўпраўлення адукацыі павінны не «дапускаць у практыцы работы вядзення дакументаў, якiя не прадугледжаны пастановай».

Асобна адзначана, што прыцягваць вучняў да мерапрыемстваў іншых дзяржорганаў ўстановы адукацыі могуць толькі па ўзгадненні з міністэрствам.

Ведамства таксама запатрабавала ад упраўлення адукацыі «выключыць практыку (…) прыцягнення педагагічных работнікаў (…) да выканання работ, якія не маюць дачынення да выканання іх працоўных функцый».

У мінулым годзе на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вызваліць настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый і папярэдзіў міністра адукацыі, каб у школу паступалі «дакументы, якія тычацца толькі адукацыі і выхавання».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў