Ні сораму, ні сумлення: той, хто ледзьве размаўляе шэптам, гучна мацюкаўся


Прадстаўнік РЭП па Гомельскай вобласці Віктар Казлоў абвінавачваецца «ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі». Суд Гомельскага раёну разглядае адміністрацыйную справу 67-гадовага актывіста. 

Першае судовае паседжанне адбылося 4 красавіка. Суддзя Тамара Заставнецкая, якая разглядая справу, адлажыла яе да 7 красавіка, запатрабаваўшы ў супрацоўнікаў АМАПу дакументы, на падставе якіх яны знаходзіліся 25 сакавіка ў вёсцы Церашковічы.

Супярэчнасці справы кідаліся ў вочы з першай хвіліны разгледжання справы. Паводле адміністрацыйных пратаколаў, супрацоўнікі АМАП, якія ехалі па вёсцы Церашковічы на аўтамабілі «УАЗ», пачулі як грамадзянін, якім апынуўся актывіст РЭП Казлоў, ідзе па вёсцы і гучна лаецца з выкарыстоўваннем нецэнзурнай лексікі.

Сведкамі на судзе выступалі супрацоўнікі АМАПу Сярдзюк, Курбат і Томаш. Адзін са сведкаў паведаміў суду, што Казлоў лаяўся «сам з сабой». Іншы прадстаўнік АМАПу сцвярджаў, што, «магчыма, ён лаяўся на адрас мужчыны, які таксама ішоў па вуліцы». Таксама міліцыянты сцвярджалі, што прафсаюзны дзеяч супраціўляўся ім, хапаўся за форменнае абмундзіраванне.

Паводле паказанняў Казлова, ён увогуле не можа пакуль што крычаць, нават, гучна размаўляць праз нядаўнюю аперацыю, цягам якой яму выдалілі частку лёгкага.

«Я ўвогуле не ўмею мацюкацца, а пасля аперацыі яшчэ і казаць не магу нармальна, нават шэптам, а тут гучна крычаў. Супрацоўнікі АМАПу ілжыва сведчаць, блытаюцца ў паказаннях», – цытуе прадстаўніка прафсаюза РЭП naviny.by.

Паводле Казлова, а восьмай раніцы 25 сакавіка ён выйшаў з дому ў вёсцы Цярэшкавічы, каб ехаць у Гомель. Раптам пад’ехалі супрацоўнікі АМАПу на УАЗіку, запхнулі яго ў аўтамабіль і павезлі ў РАУС. Там склалі адміністрацыйныя пратаколы.

«Гэта была мэтанакіраваная акцыя затрымаць мяне, каб не дапусціць маёй прысутнасці 25 сакавіка на пляцоўцы каля ДК «Віпра», дзе праходзіў мітынг. Дарэчы, мітынг на дадзенай пляцоўцы быў дазволены ўладамі», – падсумоўвае 67-гадовы прафсаюзны актывіст.

Суддзя задавала пытанні сведкам: з якой хуткасцю рухаўся аўтамабіль, і ці рэальна супрацоўнікі АМАПу маглі чуць мат. Міліцыянты падцвердзілі, што выразна чулі мацюкі ад актывіста Казлова.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў