«Ні сабе, ні людзям». Ува што ўлады пераўтварылі нелегальныя лецішчы, з якіх карміліся пенсіянеры


Незаконна пабудаваныя лецішчы на ўскрайку Горадні існавалі 40 гадоў. Але мясцовыя ўлады вырашылі знесці самабуды, каб зрабіць парк адпачынку. Што з гэтага атрымалася, высвятляў карэспандэнт Belsat.eu.

Напаўзнішчаныя «халупкі» пасярод гары смецця

На загад гарадзенскіх уладаў 12 лістапада былі знесеныя некалькі тысячаў лецішчаў-самабудаў, што месціліся ў мікрараёне Фолюш. На вясну на гэтым месцы плануюць распачаць працы па стварэнню парку. Аднак, зараз тут толькі вялікая звалка на месцы колішніх агародаў.

Працуючы пенсіянер Мікалай распавядае, што дачнікі спрабавалі звярнуцца да ўладаў перад зносам агародаў:

«Прасілі каб далі да вясны нам час. Рабіць парк зімой ніхто ж не будзе. Азеляняць тэрыторыю тым больш не стануць. А яны сказалі, што зімой папрыбіраюць смецце. Бачыце самі – горы смецця так і ляжаць, а мы б за зіму паразбіраць паспелі свае «халупкі».

Былыя лецішчы сталі прытулкам для бяздомнікаў

Мікалай зазначае, што тэхніка, якая зносіла агароды і «халупкі», ужо больш за месяц тут не з’яўлялася. Працоўных, што мусілі прыбіраць смецце, таксама не было. Затое з’явіліся бяздомнікі, якія па начох стараюцца сагрэцца ў не знішчаных будачках. Ды час ад часу шукаюць метал пад снегам.

«Я бачыў бяздомнікаў тут, яны спяць на сене ў «недабітых халупках» нашых. Нават сляды на снезе бачныя, можна даведацца чый былы домік абіраюць для начлегу. Тут раней заўсёды было прыгожа, моладзь прыходзіла тут адпачываць, на беразе рэчкі нашай, піва пілі ды спявалі. Зараз тут сапраўдная звалка». – цяжка ўздыхаючы расказвае мужчына.

Панішчаныя мары ды настальгія пенсіянераў

Абурэнне Мікалая звязана яшчэ і з будучым азеляненнем тэрыторыі. Раней жа тут было шмат пладовых дрэваў. Але пад час зносу лецішчаў і дрэвы былі таксама знішчаныя.

«Дык навошта было знішчаць дрэвы? Каб потым пасадзіць ізноў іншыя дрэвы ды чакаць дзесяць год, каб яны выраслі?!» – абураецца пенсіянер.

Мікалай завяршае свой расповед назіраннямі: «Час ад часу сюды прыходзяць пенсіянеры, некаторыя з іх  ходзяць па былых сваіх агародах ды ўзгадваюць як амаль кожныя выходныя яны тут праводзілі карысна свой вольны час. Я – адзін з іх!».

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў