Мінкульт адказаў БАЖу, ПЭН-цэнтру і ЗПБ у справе «дармаедства»


Міністэрства культуры разгледзела калектыўны зварот сябраў БАЖ, Беларускага ПЭН-цэнтру і Звязу беларускіх пісьменнікаў (ЗБП). У адказе першая намесніца міністра Ірына Дрыга працытавала нормы кодэксу аб культуры, але не патлумачыла, па якіх крытэрах Мінкульт вызначаў, якія арганізацыі Беларусі можна аднесці да творчых звязаў, а якія – не.

Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр лічаць, што такім адказам Міністэрства культуры адмовілася скасаваць пастанову № 7 ад 30 студзеня 2017 года.

Фота baj.by

Паводле пастановы, сябры Звязаў, якія займаюцца выключна творчай працай, але не ўключаныя ў афіцыйны спіс, аўтаматычна становяцца «дармаедамі» і мусяць плаціць адпаведны падатак.

Пастанова №7 скасавала і ранейшы творчы стаж.

«Напісаныя кнігі больш не ўлічваюцца ў кнізе працоўнай», – каментуе пастанову пісьменніца і журналістка Валярына Кустава.

Чаму Мінкульт усё ж такі ўключыў у спіс СБП?

Негледзячы на дасланы адказ, міністэрства культуры размясціла 19 лютага на сваім сайце Пастанову №16, паводле якой уключыла ў спіс творчых звязаў Звяз беларускіх пісьменнікаў.

Фота lit-bel.org

Сябры СБП звязваюць уключэнне сваёй арганізацыі ў афіцыйны спіс з заявамі Звязу. У адной з іх гаварылася:

Мы лічым, што неўключэнне Міністэрствам культуры нашай пісьменніцкай арганізацыі ў лік творчых саюзаў мае палітычную афарбоўку і з’яўляецца ганебным крокам, які шкодзіць нацыянальнаму і грамадска-культурнаму развіццю краіны, правакуе міжнародны рэзананс і негатыўна ўплывае на імідж нашай дзяржавы.

БАЖ, Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў 15 сакавіка звярнуліся ў Міністэрства  культуры з просьбаю патлумачыць, чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс беларускіх творчых звязаў. Разам з тым іншыя грамадскія аб’яднанні, сябры якіх займаюцца аналагічнай дзейнасцю, у гэты спіс увайшлі.

Фота baj.by

Юрыдычная даведка

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры прыняты 20 ліпеня 2016 году і ўступіў у дзеянне на пачатку лютага 2017 году.

Глава 11 Кодэксу аб культуры ўдасканальвае працу творчых звязаў.

У адпаведнасці з артыкулам 58 Творчым звязам улады прызнаюць грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў і іншых грамадзянаў, якія ўнеслі ўклад у захаванне і развіццё культуры, створанае на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для рэалізацыі статутных мэт.

Казалася б, што тут не так?

І БАЖ, і ПЭН-цэнтр робяць свой ўнёсак у захаванне і развіццё культуры. Сябры цэнтраў дзейнічаюць на аснове агульнасці інтарэсаў і рэалізуюць сумесна статутныя мэты.

Але частка 2 артыкулу прадугледжвае норму, што пералік творчых саюзаў вызначаецца адзінаасобна Міністэрствам культуры.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў