Ні кроку назад. Як прыхільнікі і праціўнікі незалежнасці Каталунні правялі апошні дзень перад рэферэндумам


Удзельнік дэманстрацыі ўніяністаў насупраць будынку Парламенту Каталунні. Барселона, Іспанія. 30 верасня 2017 года. Фота - Дзяніс Дзюба

Атмасфера ў сталіцы Каталунні гарачая як ніколі раней. Тысячы людзей забарыкадаваліся на выбарчых участках у школах, каб правесці там ноч і раніцай 1 кастрычніка прагаласаваць за незалежнасць. І тысячы выйшлі на марш у падтрыманне аб’яднанай Іспаніі пад лозунгам «Дэмакратыя – гэта канстытуцыя» і заклікамі арыштаваць каталунскага прэм’ера.

Карэспандэнты belsat.eu правялі содні з прадстаўнікамі абодвух лагераў.

Гэтымі днямі ў Барсэлоне пануюць тры колеры: чырвоны, жоўты і сіні. Жыхары горада вывешваюць на балконах Эстэладу – сцяг Каталунні, а таксама плакаты з надпісамі «Si» (Так), «Democracia»(Дэмакратыя) I «Votaremos!», што значыць «Прагаласуем!». На плошчы Універсідад студэнты раздаюць бланкі для галасавання, а урны, паводле слоў актывістаў, «схаваныя ў надзейным месцы». Прэм’ер Каталунні Карлес Пуічдэмон запэўніў грамадзян, што рэферэндум адбудзецца ў любым выпадку.

Тым часам афіцыйны Мадрыд лічыць рэферэндум нелегітымным і называе «спробай дзяржаўнага перавароту». Раней у Барсэлону з усёй Іспаніі былі сцягнутыя як мінімум 15 тысячаў паліцыянтаў цывільнай гвардыі – яны засталіся чакаць «дня ікс» на двух караблях у порце.

Круізныя лайнеры, якія на час каталунскага крызісу выкарыстоўвае паліцыя для сцягвання падраздзяленняў у Барсэлону

Акрамя таго, мабілізавалі мясцовую паліцыю – Mossos d’Esquadra. Апошнім улады Іспаніі загадалі перайсці на свой бок і супрацьстаяць правядзенню рэферэндуму. Яны мусяць наведваць школы, дзе арганізаваныя выбарчыя ўчасткі, і не дапускаць пранікнення туды людзей. Сілавікі атрымалі загад а 6-й раніцы разагнаць участкі, але «без гвалту».

Вярхоўны суд Каталунні падпарадкаваўся ўраду ў Мадрыдзе, і пастанавіў заблакаваць 140 сайтаў з інфармацыяй пра рэферэндум, а таксама адключыць адмысловую праграму для смартфонаў. Паводле рашэння суду, 30 верасня цывільная гвардыя заняла будынак тэлекамунікацыйнага цэнтру, праз які плануецца трансляваць вынікі галасавання, яна застанецца там да панядзелка.

Сусветныя лідэры, сярод якіх прэзідэнт Францыі і канцлер Нямеччыны, выказалі абсалютнае падтрыманне Мадрыду.

Сілавікі ахоўваюць будынак упраўлення паліцыі ў цэнтры Барсэлоны. 30 верасня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

«У Мадрыдзе кіруюць нашчадкі Франка»

Мануэль – карэнны жыхар Барсэлоны. Ён упэўнены, што мае права прагаласаваць за незалежнасць. А мадрыдскіх урадоўцаў лічыць «фальшывымі дэмакратамі».

«Вось мы нібыта дэмакратычная краіна, але калі пачаць разбірацца ў сем’ях чыноўнікаў, высвятляецца, што ўсе паходзяць з наменклатуры часоў генерала Франка. Што прэзідэнт Рахой і ягоная Народная партыя, што так званыя сацыялісты – усе нашчадкі франкізму.

Яны прызвычаіліся карыстацца народам, як ім хочацца. Але тут мы маем дабрабыт, грошы, у адрозненне ад паўднёвым рэгіёнаў і думаем, што заслугоўваем павагі да нашых правоў. Дайце падатковую незалежнасць, як у баскаў, дайце права лічыць каталунскую першай мовай, права галасаваць 1 кастрычніка і мы супакоімся», – кажа Мануэль.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева размаўляе з прыхільнікам рэферэндуму. Барсэлона, Іспанія. 30 верасня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

Адказваючы на пытанне, ці магчымы гвалт, ён адзначае:

«Людзі настроеныя рашуча, але я думаю, да нейкай масавай бойкі справа не дойдзе. Праўда, магчыма, што інфільтраваныя ў натоўп агенты паліцыі ўчыняць правакацыю. Мадрыд думаў, тут не будзе столькі замежнай прэсы, цяпер жа яны наўрад ці пойдуць на адкрытую агрэсію».

Левая актывістка Моніка мае трохі іншы погляд на сітуацыю.

«Салідарнасць вельмі важная. Я іду падтрымаць сяброў у школу Сан Нікалау-і-Жыль, хаця сама прагаласую па месцы жыхарства. Да абеду туды ўжо ўламілася мясцовая паліцыя і выцягвала людзей на вуліцу. На світанні прыйдуць узброеныя паліцыянты і проста надаюць усім па баках. Апошнім часам яны адразу хапаюцца за дубінкі», – гаворыць дзяўчына.

На пляцоўцы перад будынкам школы – сапраўдны лагер. Бацькі прывялі дзетак: у палявых умовах яны частуюцца паэльяйгуляюцца ў гульні, падлеткі граюць на гітары.

Прыхільнікі незалежнасці на тэрыторыі школы Collaso i Gil. Барсэлона, Іспанія. 30 верасня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

«Паслухайце, мы проста сабраліся, каб правесці выходныя ў добрай кампаніі», – асцярожна падыходзіць да нас каардынатар імправізаванага лагеру. – «Не надакучвайце людзям».

Акрамя жыхароў раёну, ля школы Сан Нікалаў-і-Жыль ёсць і госці з Краіны баскаў. Група маладзёнаў не надта ахвотна гутарыць з прэсай. Кажуць толькі, што прыехалі, каб быць побач з таварышамі.

Прыхільнікі незалежнасці Каталунні на тэрыторыі школы Collaso i Gil. Барсэлона, Іспанія. 30 верасня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

Лагер жыве паводле раскладу. Напрыклад, днём тут ладзяць дзічыя гульні, потым – прагляд кіно, а на дзясятую ўвечары запланаваная «кассолада» – спосаб пратэсту, каліадначасова б’юць  у шмат збаноў.

У будынак школы журналістаў пакуль не пускаюць, спасылаючыся на тое, што цяпер многія там спяць. Праз шкло можна ўбачыць на падлозе фае спальнікі і коўдры.

«Гэты пратэст – выключна мірны. Гвалту ад нас не дачакаюцца», – у адзін голас сцвярджаюць актывісты.

«Калі трэба – няхай паліцыя прымяняе зброю», – праціўнікі рэферэндуму

Увечары 30 кастрычніка паліцыю перакрыла адну з галоўных вуліц Барселоны – па ёй ад плошчы Уркінаона маршам прайшлі па розных падліках да 15 тысяч праціўнікаў незалежнасці. З вялізарнымі сцягамі Іспаніі, транспарантам «Каталуння не галасуе», гукаўзмацняльнаю апаратураю і нават уласнаю самаабаронаю у неонавых камізэльках.

Праціўнікі незалежнасці Каталунні, уніясты, ідуць шэсцем па цэнтры Барсэлоны. 30 верасня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

Акрамя рэфрэну «Я – іспанеця – іспанец», самыя папулярныя лозунгі уніяністаў (праіспанскі настроеных грамадзянаў) – «Аб’яднаную Іспанію не перамагчы», «Не галасуем», «Пуічдэмона – у турму», «А пасля яны скажуць, што нас было 5–6 чалавек». Многія дзякуюць цывільнай гвардыі, паціскаюць руку паліцыянтам.

Ана Ізабэль нарадзілася і вырасла ў Барсэлоне. Рэзалюцыю, прынятую ў 2014 годзе папярэднім прэм’ерам Артура Масам, якая дала імпульс для падрыхтоўкі рэферэндуму, жанчына лічыць злачыннай і накіраванай супраць тэрытарыяльнага адзінства. Сёлетнія падзеі Ана называе «замахам на путч».

Удзельніца шэсця уніяністаў. 30 верасня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

«Той бок выкарыстоўвае брудныя метады: прыцягваюць маленькіх дзетак на ўчасткі. Калі паліцыя пачне разбіраць іхныя намёты, то абавязкова пасыпяцца абвінавачванні ў гвалце над дзецьмі. Яшчэ ў Барсэлону прывезлі 8 аўтобусаў з радыкальнымі баскамі з арганізацыі Kale Borroka – аскепкам тэрарыстачнай ЕТА», – распавядае Ана.

Хоакін прыйшоў на дэманстрацыю з сябрам. Абодва трымаюць плакаты з лічбай 155.

«155 закон Канстытуцыі дазваляе скасаваць урад Каталунні, гэтага мы і патрабуем. Іспанія будзе адзінай і непадзельнай. Калі незалежніцкія дурні думаюць, што моцна нас спужалі – не. Раней мы не выходзілі на вуліцы, але цяпер пачуваем сябе закінутымі і нікому не патрэбнымі. Мадрыд не гатовы на рашучыя дзеянні, трэба тэрмінова прымаць захады», – мяркуе Хоакін.

На пытанне, пра якія канкрэтна захады вядзецца , ён кажа:

«Гаворка ідзе пра выкананне закону. Калі трэба – няхай паліцыя прымяняе зброю».

***

Напружанне ў горадзе расце штогадзіну. Відавочна, дзень 1 кастрычніка стане вырашальным для будучыні Каталунні і Іспаніі. Карэспандэнты belsat.eu на месцы сочаць за развіццём падзеяў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары