Незвычайная акцыя ў беларускай сталіцы: раварыста частуюць садавіною менчукоў


Што праўда, тых, хто ў гэты дзень перасоўваўся на роварах. 

Клапоцішся пра здароўе і навакольнае асяроддзе – атрымай падарунак. У Менску прайшла незвычайная акцыя.

Актывісты грамадскай арганізацыі «Менскае роварнае таварыства» і ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» пачаставалі садавіною тых менчукоў, якія ў гэты дзень перасоўваліся на роварах. Грушу, банан або апельсін можна было атрымаць у некалькіх кропках гораду. Таксама раварыстам распавялі пра правілы ветлівай язды і паводзіны на дарогах.

АНАСТАСІЯ ЯНЧЭЎСКАЯ, АКТЫВІСТКА «МЕНСКАГА РОВАРНАГА ТАВАРЫСТВА»:

«Акцыя з галоўнай мэтай падтрымаць раварыстаў. Сказаць, што вы малайцы, вы ездзіце на ровары, вы за экалогію, за здаровы лад жыцця, вы выбіраеце экалагічны транспарт, вы гэта робіце незалежна ад надвор’я».

Агулам за дзве гадзіны акцыі актывісты ўзнагародзілі каля чатырохсот чалавек. Менчукоў, якія карыстаюцца роварам для паездак на працу або вучобу, пакуль не вельмі шмат, аднак яны сталі добрым прыкладам для іншых жыхароў гораду.

Апытанне:

«З раніцы, атрымліваецца, і зарадка, і назад таксама. Каб не сядзець. У офісе сядзіш цэлы дзень. Трэба неяк рухацца».

«Едзеш адзін, нікому ты не наступаеш на ногі, ніхто табе не наступае на ногі».

«Прыносіць задавальненне гэты занятак. Па-другое, здаровы лад жыцця, у любым выпадку нейкі рух. Ну і па-трэцяе, для нас гэта актуальна, гэта эканомія, у рэшце рэшт».

Акцыя – адна з імпрэзаў Тыдня еўрапейскай мабільнасці, у якім сёлета бяруць удзел каля 1500 гарадоў Еўропы. Кульмінацыяй Тыдня мабільнасці стане Сусветны дзень без аўтамабіля. У гэты дзень кіроўцы свядома адмаўляюцца ад свайго аўта і перамяшчаюцца ў горадзе пешшу, на роварах або на грамадскім транспарце. Такім чынам яны дэманструюць клопат аб стане навакольнага асяроддзя.

Валерыя Уласік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары