«Белсат» падрыхтаваў святочныя пасылкі палітвязням


Незалежны тэлеканал падрыхтаваў для палітвязняў і іх родных святочныя кошыкі, сродкі на якія сабралі падчас адзначэння 7-ай гадавіны «Белсату».

Сем’ям беларускіх палітвязняў на волі падтрыманне трэба не менш, чымся самым палітзняволеным. У працяг людской салідарнасці, выкарыстоўваючы магчымасць яшчэ раз нагадаць пра закладнікаў рэжыму, незалежныя журналісты сабралі сімвалічную святочную дапамогу іхным родным і блізкім.

У кошыках – вітаміны, цукеркі, садавіна, кава: што хоць крыху дапаможа расквеціць не зусім святочныя дні ў сем’ях палітзняволеных.

«Нашыя супрацоўнікі вырашылі павіншаваць сем’і ўсіх палітвязняў, якіх застаецца шэсць у нашай краіне. І па чарзе аб’едзем вось з такімі святочнымі кошыкамі і, спадзяемся, што парадуем гэтыя сем’і, якія не жывуць у такім дабрабыце, ладзе як іншыя беларусы», – кажа супрацоўнік «Белсату».

Першы святочны кошык адправіўся да Марыны Адамовіч – жонкі экс-кандыдата на прэзідэнта Міколы Статкевіча. Спачатку палітыка ўтрымлівалі ў шклоўскай калоніі, затым ягоныя ўмовы зрабілі больш жорсткімі, перавёўшы ў магілёўскую турму.

«Чакаеш нейкіх дзівосаў, чакаеш, што сусвет раскрыецца табе на дапамогу…Канечне, хочацца каб нашыя хлопцы ўсе былі дома, але калі многа людзей думае пра іх, калі многа людзей хочуць зрабіць прыемнае ім, то я спадзяюся, што гэта таксама набліжае час іх волі», – кажа Марына Адамовіч.

Яна спадзяецца, што сёлета ейнаму мужу змякчаць умовы ўтрымання, перавёўшы з турмы ў калонію. За кратамі ж, акрамя Мікалая Статкевіча, у жорсткіх умовах застаюцца Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка.

Нядаўна спіс палітвязняў папоўніў яшчэ адзін грамадскі актывіст – Юрый Рубцоў. Яму прысудзілі два з паловай гады «хіміі», абвінаваціўшы ў абразе суддзі. Святочны кошык адправіцца таксама і да ягонай сям’і ў Гомель.

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Стужка навінаў