Незалежныя назіральнікі фіксуюць завышанне яўкі


«Каруселі», анамальная актыўнасць на датэрміновым галасаванні і ціск на незалежных назіральнікаў. Адметнасці сёлетняй выбарчай кампаніі ў артыкуле Belsat.eu.

Падчас датэрміновага галасавання падтасаваць вынікі прасцей за ўсё. Сябра Менскай гарадской выбарчай камісіі ад Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч заяўляе, што на некаторых участках сталіцы колькасць подпісаў і колькасць выдадзеных бюлетэняў не супадае.

Так, 8 кастрычніка на ўчастку №25 Савецкага раёну ў Менску выдалі 146 бюлетэняў, але распісаліся за іх усяго 109 чалавек. Агулам кампанія «Права выбару», якая займаецца назіраннем за ходам галасавання, заявіла, што разыходжанне з афіцыйнымі звесткамі яўкі складае каля 5%.

«Адрозненне гэтай кампаніі ад выбараў 2010 – яўка, якая зашкальвае. Усіх, каго можна мабілізавалі, на некаторых участках з’явіліся так званыя «каруселі»: калі некалькі чалавек арганізавана прыходзяць на ўчастак, да якога яны не прыпісаныя, атрымліваюць бюлетэні, галасуюць, а затым пераязджаюць на іншы ўчастак», – распавядае Дзяніс Садоўскі, каардынатар кампаніі «Права выбару-2015».

Таксама назіральнікі зафіксавалі шматлікія выпадкі прымушэння да датэрміновага галасавання. Так, у Бабруйску на прадпрыемстве «Белшына» усіх работнікаў адпусцілі з працы на дзве гадзіны раней, каб яны прагаласавалі датэрмінова.

У час з 6 па 9 кастрычніка назіральнікі зафіксавалі 904 парушэння заканадаўства, у асноўным гэта неналежнае захаванне скрыняў для бюлетэняў, калі памяшканні, дзе яны захоўваюцца, не апячатаныя, а на некаторых участках галасуюць не па сваім дакуменце або за іншую асобу.

Варта адзначыць, што некаторыя скаргі далі плён, і скрыні пачалі апячатваць і захоўваць па-за доступам пабочных асобаў.

Парушаюць таксама і правы незалежных назіральнікаў: у Барысаве звольнілі Таццяну Шаўчэнкаву, супрацоўніцу Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання.

«Мне сказалі так: вы працуеце ў дзяржустанове, заробак вам плоціць дзяржава. І куды вы палезлі? Хацелі падзарабіць? Тады хай яны цяпер вас і кормяць, вы свабодныя, пішыце заяву», – пераказала словы дырэктаркі Таццяна.

Выніковую справаздачу кампанія «Права выбару-2015» прадставіць у панядзелак, 12 кастрычніка, на сядзібе БНФ у Менску.

У кампанію па назіранні за выбарамі »Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду», »Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя »Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу. Галоўная мэта – абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз перадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыя парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Настасся Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў