Незалежную журналістку выклікалі ў суд... смскай


Журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна праз смс даведалася пра ўласны суд, што меў адбыцца ў Берасці. Даслалі паведамленне ўвечары напярэдадні працэсу.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Тамару Шчапёткіну двойчы выклікалі ў суд. Спачатку 4 сакавіка ў паловай на дзявятую вечарам ёй патэлефанаваў мужчына, які назваўся ўчастковым Рачынскім з Берасця, і паведаміў, што раніцай 5 сакавіка ёй належыць з’явіцца ў суд Ленінскага раёну на працэс. Пацікавіўся, ці не атрымлівала яна позву праз мясцовую міліцыю. Калі журналістка адказала адмоўна, мужчына сказаў, што раніцай ёй трэба перэтэлефанаваць у суд і папрасіць перанесці разгляд на пазнейшы час. Шчапёткіна адмовілася ад гэтай прапановы, паколькі не была ўпэўненая, што тэлефануе сапраўды супрацоўнік міліцыі.

Каля 22-й гадзіны ўвечары таго ж дня да яе ў кватэру парукаліся двое міліцыянтаў Бярозаўскага РАУС. Сярод іх быў начальнік аддзелу аховы правапарадку Мікалай Пракурат. Пасля таго як Пракурат даведаўся, што журналістка не атрымоўвала позву, ён дастаў дзве аднолькавыя паперы з надрукаваным арт. Адміністрацыйнага кодэкса з указаннем правоў удзельнікаў адміністрацыйнага працэсу і сказаў: распішыцеся, што азнаёмленыя.

5 сакавіка каля 20:30 Тамара Шчапёткіна пабачыла ў сваім тэлефоне смс, што ёй належыць з’явіцца ў суд Ленінскага раёну Берасця 6 сакавіка па адміністрацыйнай справе. Журналістка даслала дзве смс на нумар тэлефона, з якога атрымала паведамленне. У адной з іх папрасіла таямнічага незнаёмца прадставіцца. Інакш гэтае паведамленне будзе лічыць розыгрышам. Калі не атрымала адказу, папярэдзіла, што пойдзе не ў суд, а ў пракуратуру са скаргай.

У выніку журналістка накіравала скаргу пракурору Бярозаўскага раёна адносна сітуацыі вакол яе адміністрацыйнай справы. Шчапёткіна просіць правесці праверку на прадмет законнасці дзеянняў работнікаў міліцыі і прыняць меры пракурорскага рэагавання.

Тамару Шчапёткіну вінавацяць у супрацы з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. У снежні яна ўжо атрымала штраф у памеры 4,5 млн рублёў за супрацу з «Радыё Рацыя».

НМ, belsat.eu, паводле Spring96.og

Стужка навінаў