«Незалежнай прэсе закрылі рот»: журналіста не пусцілі здымаць гарадзенскую фотавыставу


Фота: baj.by, Алесь Дзянісаў

Дырэктарка выставачнай залі забараніла фрылансеру з «судзімасцю» ўваход на выставу французскай падарожніцы.

Выстава пад назвай «Камуналка» французскай падарожніцы і фатографа Франсуазы Юге адкрылася 3 лістапада ў межах фестывалю «Месяц фатаграфіі», паведамляе baj.by.

Дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч не дазволіла Алесю Дзянісаву ўвайсці ў памяшканне. Прадстаўнікі іншых незалежных СМІ атрымалі «дазвол» на ўваход.

Нагадаем, што ў жніўні 2015 г. Ірына Сільвановіч разам з мужам, мастаком Аляксандрам Сільвановічам, былі сведкамі ў судзе над фрылансерамі Алесем Дзянісавым і Аляксандрам Кіркевічам. Тады журналістам прысудзілі па 25 базавых велічынь штрафу за тое, што яны знялі для «Белсату» матэрыял пра выставу лялек літоўскіх майстроў. (Выстава адбывалася ў той жа зале.)

«Мне ўжо шмат дзе забаронена здымаць – усё гэта на нейкім неафіцыйным узроўні. Я прыйшоў здымаць выставу па асабістым запрашэнні фатографаў Андрэя Лянкевіча і Алеся Саенкі. Дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч не ўпусціла мяне – я ж не буду змагацца з жанчынай!

Я б пайшоў здымаць, але мяне спыніла думка пра пагрозу звальнення Сільвановіч з пасады дырэктаркі. Я не хацеў нашкодзіць чалавеку. Але ўсё ж заўважу, што фактычна спадарыня Сільвановіч «закрыла рот» незалежнай прэсе, хоць і не па сваёй волі…

У Горадні палітыкі фактычна няма. Застаецца сацыялка і культура. І на людзей, якія займаюць нейкія пасады – дырэктарка музею рэлігіі, ці дырэктар тэатра лялек, ці дырэктарка гэтай выставачнай залы – вельмі лёгка націснуць…».

У красавіку 2015 г. Дзянісава аштрафавалі за сюжэт пра пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі, а ў сакавіку 2014 г. – за сюжэт пра спектакль «Фауст. Сны» ў абласным тэатры лялек. У абодвух выпадках сведкамі ў суды выклікалі супрацоўнікаў гэтых установаў.

belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў