Незалежнага журналіста з Гомля аштрафавалі на 5, 4 мільёна рублёў


Кастусь Жукоўскі расследаваў гучную справу забойства немаўляці, якое «павесілі» на настаўнікаў мясцовай школы і працаўнікоў дзіцячай паліклінікі. Суд Чыгуначнага раёну Гомля пакараў фрылансера і грамадскага актывіста на 30 базавых велічыняў паводле артыкула 22.9 ч.2 КаАП за нібыта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

Падставай для адміністрацыйнай справы стала публікацыя на старонцы Belsat.eu пад назвай «За забітае дзіця пакаралі педагогаў ды медыкаў», матэрыял да якой збіраў Жукоўскі. Журналіст зрабіў інтэрвю з супрацоўнікамі установаў, пасля чаго выклаў здымкі на Youtube.

Кастусь Жукоўскі адмаўляе сваю віну ў вырабе «прадукцыю СМІ», бо не з’яўляецца супрацоўнікам тэлеканалу, і матэрыял падпісаны іншым прозвішчам.

«Вырак сведчыць пра тое, што перад выбарамі ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы. Гэта звычайны пераслед за тое, што я сабраў распаўсюдзіў інфармацыю, якая вызвала рэзананс у грамадстве. Таксама гэта можа быць звязана з тым, што ўлада праводзіць нармалізацыю стасункаў з ЕЗ і ЗША, а тут мясцовая ўлада ходзіць па заданню нейкіх шпіёнаў з Расеі і дыскрэдытуе яе на высокім узроўні».

Актывіст збіраецца абскарджваць прысуд.

Улада працягвае пераслед незалежных журналістаў. Сёлета штрафы за сваю дзейнасць акрамя Кастуся Жукоўскага атрымалі Алесь Ляўчук, Аліна Літвінчук, Ларыса Шчыракова, Тамара Шчапёткіна. Да адміністрацыйнай адказнасці хочуць прыцягнуць Алеся Кіркевіча, Алеся Дзянісава і Андрэя Мялешку.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары