Незалежнага журналіста Сяргея Краўчука хочуць аштрафаваць за супрацу з «Белсатам»


Яго вінавацяць па артыкуле 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ). У міліцыю журналіста выклікалі ў суботу 25 красавіка.

Да хлопца прыйшлі ў мінулую пятніцу і ўручылі позву, з якой ён павінен быў з’явіцца ў аддзяленне міліцыі ў Фаніпалі.

У суботу ў фаніпальскім пастарунку міліцыянты паказалі Краўчуку раздрукоўкі з сайта belsat.eu з нядаўнім сюжэтам.

«Матэрыял тычыўся грамадскага абмеркавання забудовы ў Фаніпалі, на якое мяне 17 красавіка разам з іншымі журналістамі не хацелі пускаць міліцыянты. Тады яны праверылі ў нас дакументы і перапісалі дадзеныя, а цяпер прапанавалі даць тлумачэнні адносна сюжэта», – распавёў Сяргей Краўчук прэс-службе «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Даваць тлумачэнні міліцыянтам хлопец адмовіўся. Міліцыянты заявілі, што завялі супраць яго адміністрацыйную справу па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і перадаюць яе ў суд. Па словах міліцыянтаў, разглядаць справу журналіста будзе неўзабаве суд Дзяржынскага раёна Менскай вобласці.

Сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле ўжо перасягнула суму ў 60 мільёнаў рублёў.

паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары