Незалежнага журналіста пакаралі 4 разы за 2 месяцы. Агулам штраф – 38 млн!


Жлобінскі раённы суд пакараў журналіста-фрылансера з Гомля Канстанціна Жукоўскага штрафам у 80 базавых велічыняў за працу без акрэдытацыі.

Журналіста вінавацілі ў вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі паводле часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў. Жлобінскія міліцыянты склалі на фрылансера 2 пратаколы за 2 сюжэты на «Белсаце» пад назвамі: «БМЗ без працы і грошай» і «Невясёлая ферма стварае дармаедаў».

Гомельскі журналіст адзначыў, што дадзеныя сюжэты маюць сваіх аўтараў і ён асабіста не пускаў іх у эфір.

У лютым фрылансера ўжо каралі: суд Буда-Кашалёўскага раёну спагнаў з яго 40 базавых велічынь – 8 млн 400 тыс. рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт.

20 студзеня 2016 года суд Кармянскага раёну пакараў Жукоўскага штрафам у 30 базавых велічынь (6 млн 300 тыс. рублёў).

14 студзеня 2016 года Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (7 млн 350 тыс. рублёў) за парушэнне артыкулу 22.9 КоАП.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у сваёй справаздачы пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі змясціла як прыклад судовы пераслед Кастуся Жукоўскага.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў