Незайздросны лёс графіці ў Горадні

photo

З сямі арт-аб’ектаў, зробленых год таму ў межах праекту «Must Act – Must Art», непашкоджанымі засталіся толькі два. Некаторыя – наагул не захаваліся.

Леташняй восенню агульнабеларускі праект «Must Act – Must Art» дакаціўся і да Горадні. Стрыт-арт кампанія, папярэдне ўзгадніўшы ўсё з мясцовымі ўладамі, за некалькі тыдняў зрабіла серыю вялікафарматных графіці ў розных частках гораду. Прайшоў год. Што засталося ад мастацкіх працаў?

Фея і партрэт дзяўчыны

Гэтыя малюнкі на трансфарматарнай будцы ў дварах на вул. Дзяржынскага выканалі мастакі Ulysses з Гомлю і HADE з Воршы. Пры загадкавых абставінах іх наўпрост замалявалі ў хуткім часе: ані ЖЭС, ані жыхары на сябе адказнасці не ўзялі.

Шчаслівы білет

Гэты малюнак быў найбольшым з серыі, бо заняў фактычна ўсю сцяну шматпавярховіку на Белых Росах на ўскрайку гораду. Выканаўца – мастак Жэня MUTUS з Пінску. Падчас пераробкі швоў, аднак, будаўнікі малюнак пашкодзілі, дзе-нідзе выразна паверх графіці выразна праступае кратка ізаляцыйных швоў.

Крумкач ды Каложа

Малюнак быў зроблены ў дварах, але, пры гэтым, фактычна ў самым цэнтры горада – за 100 метраў ад Савецкай плошчы. Ягоны аўтар – Алесь Kontra з вёскі Матыкалы што на Берасцейшчыне. З малюнку загадкавым чынам знікла Каложа. Хто яе зафарбаваў і чаму не крануў рэшту графіці – незразумела дагэтуль.

Човен і птушка

Падземны пераход паміж Аўтавакзалам і Скідальскім рынкам аздабляў дуэт Ulysses і Kontra, дзяўчына і хлопец. У выніку, да сёння захаваўся толькі малюнак чоўна з закаханымі, птушку сярод белага дня замалявалі супрацоўнікі ЖЭСу.

Вітаўт

Пра адзіны ў Беларусі насценны вулічны партрэт Вітаўта Вялікага шырока пісалі медыі. Малюнак выканаў мастак Silen на трансфарматарнай будцы ў раёне новабудаў на Пушкіна. Літаральна на мінулым тыдні малюнак быў пашкоджаны: вандалы, верагодна, хацелі заліць чырвонай фарбай твар князя, але крыху не патрапілі.

Алень св. Губэрта

Адно з двух графіці, зробленых у занёманскай частцы гораду, у даным выпадку ля праспекту Янкі Купалы. Аўтарка – Маша GrapeWave. Малюнак захаваўся.

Дзяўчынка і кветкі

Малюнак дзіцяці ў калябарочным стылі стварыў мастак Андрэй Бусел, які працуе пад псеўданімам Hutkasmachna. Графіці нанесена на трансфарматарную будку на вуліцы Гая. Захавалася без пашкоджанняў. З-за блізкасці да будынку Кастрычніцкага РАУСу?

Я лічу, што графіці маюць жыць па законах вуліцы, – разважае мастак Алесь Kontra. – Таму не бачу тут трагедыі. Камусьці падабаецца, камусьці – не. Мастацтва для нас – гэта «тут і цяпер». Напрыклад, калі зафарбавалі Каложу на «Крумкачы», мне асабіста было вельмі цікава, чым кіраваліся гэтыя людзі. Я задумаўся».

Разам з тым, мастак адзначае, што іншыя ягоныя графіці як у Польшчы (Беласток, Гданьск), так і ў Беларусі (Менск, Віцебск, Баранавічы, Рагачоў) спакойна дажылі да сёння, хоць некаторыя з іх былі зробленыя значна раней за гарадзенскія. З Горадняй, чамусьці, пашанцавала меней.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары