Невядомыя ўзламалі старонку Следчага камітэту ў Facebook


Сёння з раніцы на афіцыйнай старонцы Следчага камітэту ў Facebook зявілася дзіўнае паведамленне.

«Згодна чаканням расейскага боку, Следчы Камітэт Рэспублікі Беларусь з дазволу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, адхіляе свайго прадстаўніка і не будзе далей удзельнічаць у Міжведамаснай Камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы», – напісана ў Facebook Следчага камітэту.

Следчы камітэт пацвярджае, што іх старонка была ўзламаная.

«Нашая старонка ў Facebook была ўзламаная сёння раніцай. Усё, што там сёння апублікавана і, магчыма, будзе апублікавана – не адпавядае рэчаіснасці. У цяперашні час мы працуем над аднаўленнем доступу», – кажуць у Следчым камітэце.

Нагадаем, што ўчора быў узламаны twitter-акаўнт намесніка старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова. Невядомыя размясцілі на старонцы Рыжанкова дакумент, падпісаны кіраўніцай установы Наталляй Качанавай. І ў допісе і ў дакуменце былі напісаныя прабачэнні расейскаму боку за дзеянні ў сферы інфармацыйнай бяспекі.

Верагодна, што сённяшняя і ўчорашняя атака на акаўнты здзейсненая адным і тым жа хакерам.

ГА, belsat.eu

 

Стужка навінаў