Невядомыя ў масках і з бітамі ўварваліся ў дом баранавіцкай прадпрымальніцы


Уначы невядомыя ўварваліся ў дом прадпрымальніцы і сталі патрабаваць грошы.

Пра інцыдэнт паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк.

Паводле папярэдніх звестак, 24 лістапада а 4-ай гадзіне раніцы ў дом жыхаркі Баранавічаў, які знаходзіцца на ўскраіне гораду, прабраліся некалькі мужчынаў у масках. У доме ў гэты час знаходзілася жанчына і ейны ўнук. Пры гэтым, паводле пацярпелай, яны мелі прадмет, падобны на пісталет, і бейсбольную біту.

Пасля ўварвання зламыснікі звязалі гаспадыні рукі і сталі патрабаваць паведаміць ім, дзе знаходзяцца грошы, пасля чаго пачалі абшукваць дом. У гэты час жанчына, скарыстаўшыся адсутнасцю ўвагі нападнікаў, развязала рукі і націснула трывожную кропку. Праз 3 хвіліны пасля сігналу прыбылі супрацоўнікі Дэпартаменту аховы МУС, якія аказалі дапамогу пацярпелай і ейнаму ўнуку.

Зламыснікі ўцяклі да прыбыцця супрацоўнікаў міліцыі.

На месцы здарэння працуе аператыўна-следчая група, усталёўваюцца асобы нападнікаў.

Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу па факце разбою, здзейсненага групай асобаў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, фотаздымак dpchas.com.ua

Стужка навінаў