Невядомыя парэзалі колы ў двух аўтах Мікалая Статкевіча


Палітык і ягоная жонка засталіся без сродку перасоўвання. Вынік «адданай службы» – восем парэзаных шынаў, якія не падлягаюць аднаўленню. Аўты стаялі ў двары дому Мікалая Статкевіча за плотам і пад замком.

Як распавяла жонка Марына Адамовіч belsat.eu, колы нельга аднавіць.

«Абедзве машыны, якія стаяць у закрытым двары, апынуліся не проста прабітымі, а вельмі цынічна парэзанымі коламі, каб іх не можна было аднавіць. Адбылося гэта, мяркую, у ноч на 25 сакавіка. Я пачула староннія гукі, выйшла, але ліхтары пасля 12 выключаюць, нічога не заўважыла.

Учора, калі Мікалая вызвалілі, я выскачыла, было цёмна, але машына не ехала… Неяк выкараскалася на дарогу, выхаджу гляджу, а няма на чым ехаць. Гэта не выпадкова, зроблена тымі дзіўнымі людзьмі, якія тут з біноклямі ў дарагіх машынах кругласуткава дзяжурылі апошні тыдзень. Мабыць, ім хацелася паспаць у сваіх цёплых аўтах».

Мікалая Статкевіча затрымалі прэвентыўна ў Менску напярэдадні Маршу годнасці і волі, які мусіў распачацца 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа. Палітыку прысудзілі 10 содняў на Акрэсціна, але ўвечары 25 сакавіка нечакана выпусцілі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў