Невядомыя кінулі яйкамі ва ўдзельнікаў шэсця на Дзень Незалежнасці


Pravaka

Правакатары, якія кідаліся яйкамі

Пад канец шэсця, прысвечанага Дню Незалежнасці, невядомыя пачалі кідацца яйкамі, пасля чаго ўцяклі.

Даганяць іх пабеглі некалькі ўдзельнікаў акцыі, а таксама двое міліцыянтаў, незадаволеных такім паваротам справы. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Правакатары, меркавана, прыстроіліся да калоны каля Палаца Прафсаюзаў. Ужо тады яны падаліся некаторым падазронымі, бо ў цёплы жнівеньскі вечар усе чацвёра былі апранутыя ў курткі з каптурамі.

Пагоня працягвалася да праспекту Дзяржынскага. Адзін з міліцыянтаў пазычыў у нейкага мінака ровар і паехаў у паказаным кірунку, куды, меркавана, звярнулі двое правакатараў.

Pravaka1

Паводле звестак аднаго з журналістаў, адзін з назіральнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна» меў з сабой ровар і таксама паехаў даганяць правакатараў. З яго слоў, усе яны ўскочылі ў нейкі сіні бус, які стаяў побач з будынкам універсітэту.

На пытанне журналістаў, чаму не спрацавала ачапленне, міліцыянты сказалі, што «расслабіліся», бо акцыя ўжо скончылася, а асноўная ўвага да таго, што адбываецца, была падчас шэсця. На пытанне, ці была перад акцыяй у міліцыі інфармацыя пра магчымыя правакацыі, яны адказалі, што не было, і калі б яны нешта ведалі, то не дапусцілі б такога.

Паводле звестак сведкаў, камандзір менскага АМАПу Балаба разʼюшаны. Калі адзін з удзельнікаў акцыі спытаў яго, ці будуць лавіць правакатараў, той па-беларуску адказаў: «Ты што, не бачыш?»

НМ, belsat.eu, паводле nn.by

Глядзі таксама
Каментары