Невядомыя апаганілі «віцебскія Курапаты»


Улады адмаўляюцца прызнаць месца масавага пахавання пад Віцебскам магілай ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, памяць пра іх знішчаецца вандаламі.

У Беларусі ж – хваля не мігрантаў, але вандалаў. Невядомыя зламыснікі апаганілі гэтак званыя «віцебскія Курапаты». Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і праз тое, што мясцовыя ўлады ўпарта не прызнаюць гэтага месца магілаю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Старшыня грамадскай арганізацыі «Хайсы» віцяблянін Ян Дзяржаўцаў паказвае апаганенае месца масавага пахавання. Менавіта ён з актывістамі сваёй арганізацыі ўпершыню публічна загаварыў пра месца расстрэлаў, а цяпер даглядае могілкі. Магіла месціцца ў лесе, паміж вёскамі Дрыколле і Хайсы, 15 кіламетраў на поўнач ад Віцебску.

Людскія косці, рэшткі вопраткі ды абутку ляжаць у вялікіх раскапаных ямах. Летась актывісты арганізацыі паставілі на могілках некалькі крыжоў і запрасілі грэка-каталіцкага святара, які адслужыў паніхіду. А восенню накіравалі зварот у абласную пракуратуру і Следчы камітэт з просьбаю правесці расследаванне ды высветліць дакладнае паходжанне парэшткаў. Вынік дзяржаўнай экспертызы здзіўляе:

«У выніку праверкі выяўлена што даўнасць пахавання складае звыш 50 гадоў«.

Ні слова аб прычынах смерці, дакладных датаў няма. Прадстаўнікі мясцовых уладаў удакладняюць, што на месцы быў знойдзены кавалак нямецкага кіцеля, а значыцца, гэта пахаванне часоў вайны.

Пра тое, што тут усё ж ляжаць ахвяры палітычных рэпрэсіяў, а ўлады справу замоўчваюць, кажуць мясцовыя жыхары

А пакуль паміж уладамі і актывістамі ідуць спрэчкі, невядомыя вандалы скралі ўсталяваныя крыжы ды паскідвалі кветкі ды вянкі ў яму. А значыць, гісторыя з менскімі Курапатамі паўтараецца.

Стужка навінаў