Невядомыя апаганілі надмагілле Жызнеўскага


Гомельская журналістка Наталля Крывашэй даглядае за магілаю Міхаіла Жызнеўскага. Яна першая пабачыла, што помнік апаганілі.

«Вось прыехаўшы сюды сёння, я заўважыла гэты надпіс: хутчэй за ўсё, цвіком выдрапанае слова «предатель», – кажа Наталля Крывашэй.

Дзяўчына не захацела турбаваць бацькоў Міхася і наўпрост звярнулася да мясцовай міліцыі – напісала скаргу. Зваротная рэакцыя была даволі аператыўная. Ужо праз некалькі гадзінаў працаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў паведамілі пра здарэнне маці Міхаіла Жызнеўскага і разам з ёю прыехалі на могілкі. На месцы склалі пратакол аб пашкоджанні. Маці Міхася кажа, што помнік быў адмыслова застрахаваны.

«Гэта ж не першы раз адбываецца, і летась такое было. І вянкі рваліся, і сцяжкі рваліся і ўсё выкідалася», – распавядае Ніна Жызнеўская.

Міхася Жызнеўскага забілі ў студзені 2014 года падчас падзеяў на кіеўскім Майдане стрэлам у сэрца. Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай сотні, пасмяротна. Адзнаку асабіста забіралі бацькі Міхася з рук Пятра Парашэнкі.

Грошы на помнік герою збіралі, як кажуць, усім светам. Ахвяравалі і прадпрымальнікі, і рабочыя, і пенсіянеры. Сродкі прыходзілі з Беларусі, Злучаных Штатаў, Аўстраліі ды шмат якіх іншых краінаў. Усталявалі сёлета, на пачатку ліпеня. З таго часу магілу даглядалі бацькі Міхася ды мясцовыя валанцёры.

Спадарыня Ніна вельмі спадзяецца, што міліцыя знойдзе і пакарае злачынцу.

«Калі я пабачыла гэты надпіс, падумала, што гэта нейкі дурань, які паглядзеў тэлебачанне, нешта яму не спадабалася і пабег шкодзіць. Нармальны чалавек наш, беларус, не будзе такога рабіць», – кажа маці Міхася Жызнеўскага.

Але, відавочна, хапае людзей, падманутых прапагандаю, здольных на такі ганебны ўчынак.

Ян Брыскер

Стужка навінаў