Пра выпадак атручвання ў Facebook напісала жыхарка Менску Алена Юрычава. Цяпер яна прыкладае намаганні, каб іншыя сабакі не трапілі ў пастку злодзея.
Паводле дзяўчыны, кавалкі лівернай каўбасы з пігулкамі ад сухотаў, якія выдаюцца паводле рэцэпту, невядомы раскідаў у раёне вуліцаў Крапоткіна і Харужай. Дзяўчына піша, што за апошнія содні пацярпелі чатыры сабакі.
Міліцыя паведаміла, што зарэгістраваны толькі адзін выпадак.
«Сімптомы аднолькавыя. Пасля прагулкі падаюць, пена з роту і ўсё», – піша Алена Юрычава.
Калі не аказаць першую дапамогу, у сабакі пачынаюцца сутаргі, спыняецца дыханне, а пасля сэрца.
Сабака Алены пад кропельніцай, але жывы. Трох гадаванцаў выратаваць не змаглі.
Ветэрынары кажуць, што ў такіх выпадках дапамагчы жывёлінам у хатніх умовах вельмі цяжка, трэба весці ў шпіталь. Спецыялісты распавядаюць, што такія выпадкі фіксуюцца па ўсім горадзе і не ўпершыню. Летась пра падобныя выпадкі атручвання пісаў партал Animal.by.
Ветэрынары раяць выгульваць сабак толькі ў намордніку і трэнаваць не есці з зямлі.
За жорсткае абыходжанне з чатырохногім у Беларусі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу і крымінальная – да 1 года пазбаўлення волі.
ДР belsat.eu