Расеец падарыў Андрэю Фомачкіну кватэру


Цяпер чыноўнік Міністэрства спорту і турызму Беларусі, які на адкрыцці Паралімпійскіх гульняў пранёс расейскі сцяг, знаходзіцца ў Маскве.

Пра гэта ў Facebook паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Паводле яе, ёй патэлефанаваў знаёмы з просьбай выслухаць ягонага знаёмага. Той распавёў, што яго так уразіў учынак Фомачкіна, што ён вырашыў падарыць беларусу кватэру і папрасіў Захараву аб садзейнічанні.

«Усяго распавядаць не буду. Скажу толькі, што кватэра сапраўдная, у гатовым доме – гэта я, натуральна, асабіста праверыла. А хто гэты загадкавы граф Монтэ-Крыста і як адрэагуе наш беларускі герой на такі падарунак, вы даведаецеся заўтра», – напісала яна.

Захарава падкрэсліла, што ў гэтым учынку няма правакацыі – кватэру дарыць не дзяржава, а прыватная асоба.

У каментарах пачалі кпіць:

«Калі так яно пойдзе, глядзіш на наступнай Алімпіядзе ўсе ўкраінцы радасна з нашым сцягам на адкрыцці пабягуць», – напісаў адзін з сяброў у сацсетцы Захаравай.

Учынак Фомачкіна ўхваліў асабіста Лукашэнка, а ў Расеі цяпер імем беларускага функцыянера нават хочуць назваць новы стадыён у Новасібірскай вобласці. Пасля скандалу са сцягам Фомачкіна пазбавілі акрэдытацыі, хаця Мінспорту заяўляла, што рашэнне аб расейскім сцягу прымала ўся каманда.

Пазней стала вядома, што сертыфікат на кватэру ў Маскве Андрэю Фомачкіну падарыў расейскі бізнесмен і аўтагоншчык Сяргей Шмакаў, піша life.ru.

Шмакаў вядомы як мецэнат, які займаўся пабудовай і рэканструкцыяй цэркваў, дзіцячых дамоў і манастыроў у Маскоўскай, Яраслаўскай, Арлоўскай і Цвярской вобласцях.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў