Невядомая гісторыя антысаветчыка і падпольшчыка Івана Раманчука

video

Шчаслівы выпадак

Амаль праз 20 гадоў пасля смерці аднаго з камандзіраў беларускіх «лясных братоў» ягоны асабісты архіў трапіў у рукі даследчыкаў. І цалкам выпадкова.

«На даху дому, у якім ён жыў, колькі гадоў таму яго разбуралі, гэта быў драўляны дом, будаўнікі знайшлі скрыню з ліставаннем, некаторымі дакументамі. Яны бегла прагледзелі і вырашылі, што яны маюць нейкі гістарычны інтарэс», – распавёў Андрэй Цісецкі, даследчык гісторыі міліцыі ды спецслужбаў.

Дапамога пацярпелым пераўтварылася ў змаганне за незалежнасць

Нарадзінец адной з вёсак у Нясвіжскім раёне, у часы акупацыі Іван Раманчук працаваў настаўнікам і кіраўніком Беларускага дому культуры ў Нясвіжы. Сярод ягоных абавязкаў на гэтай пасадзе: збор грошай, вопраткі для пацярпелых ад вайны, уцекачоў. Але ў 1944 годзе ён пачынае хавацца ў лясах пад пагрозаю арышту. Праз два гады стварае падпольную арганізацыю «Саюз барацьбы за незалежнасць Беларусі».

«Гэта была адная з самых баяздольных арганізацыяў антысавецкіх. Яна не пераследавала мэту збройнай барацьбы. Збройная барацьба была толькі ў мэтах самаабароны», – патлумачыў Андрэй Цісецкі.

Бандытызм як метад змагання з саветамі

Хоць даследнік дадае, што, як ва ўсялякай партызанскай арганізацыі, дзейнасць «лясных братоў» мела і элемент бандытызму – рабаванне крамаў, забіццё гэтак званых «фінагентаў». Але галоўнаю мэтаю ставілі тлумачэнне злачыннай сутнасці савецкага рэжыму, у тым ліку з дапамогаю простых улётак. У выніку ў 49-ым годзе Раманчук атрымлівае 25 гадоў лагераў.

«Гэты чалавек у часы акупацыі не ўдзельнічаў у карных аперацыяй, ён займаўся гуманітарнай дзейнасцю. Гэтыя людзі ўплывалі на тое, што Савецкі Саюз разумеў, што гэта не частка РСФСР, а асобная рэспубліка са сваёй культурай і мовай», – упэўнены гісторык Ігар Мельнікаў.

Памятаў пра спадчыну ВКЛ

Выратаваны архіў уяўляе сабой ліставанні Раманчука з ягонага лагернага і паслялагернага перыяду. Тут і прыватныя лісты да каханай, і перапіска са славутым пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам. Менавіта Раманчук стаўся прататыпам бандыта Боўбеля-Куляша з «Замку Альшанскага». Шмат і карэспандэнцыі з уладнымі структурамі.

«Ён выступаў ініцыятарам будаўніцтва ў Менску помніку Каліноўскаму. Ёсць афіцыйны адказ за 62-гі год, што на гэты момант такая прапанова пакуль не разглядаецца. Ён фактычна выступаў крытыкам гістарычнай дзейнасці Міколы Ермаловіча, вядомага гісторыка. Ён фактычна з ім спрачаўся, калі той называў гістарычнай Літвой цяперашнюю Літву», – зазначыў даследчык.

Андрэй Цісецкі спадзяецца, што на гэтым аповед пра жыццё Івана Раманчука не скончаны. Паводле непацверджанай інфармацыі, больш архіваў можа мець прыёмная дачка былога падпольшчыка, якая цяпер жыве ў Польшчы.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары