Невядомае 22-е чэрвеня. Як Беларусь «праводзіла» савецкую ўладу ў 1941 годзе


Практычна любы савецкі і постсавецкі фільм пра пачатак нямецка-савецкай вайны 1941-1945 гадоў у Беларусі паказвае гледачам у першыя хвіліны «мірнае жыццё савецкіх людзей», раптам парушанае бамбаваннямі, хатамі ў агні ды іншымі жахамі вайны і нацысцкага тэрору.

Жанчыны і дзеці абдымаюць на развітанне сваіх мужчын, якія ідуць ваяваць, а потым далучаюцца да бежанцаў, якія тысячамі едуць і ідуць на ўсход.

Аднак, што цікава, гэткім чынам мы бачым вайну ў Беларусі не беларускімі вачыма, а праз акуляры жыццёвага досведу прысланых у Беларусь савецкіх чыноўнікаў, афіцэраў і іхных сем’яў, якія амаль нічога агульнага з мясцовым насельніцтвам не мелі. Больш за тое, шмат хто ў Заходняй Беларусі ўспрымаў прыбылых у лепшым выпадку проста як чужынцаў, а ў горшым – як смяротных ворагаў.

Як жа на самой справе пачалася вайна для беларусаў, і што нашы продкі на самой справе тады думалі і рабілі? Звернемся да савецкіх і нямецкіх дакументаў, пройдзем уздоўж тагачаснай заходняй мяжы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

«Год сорок первый, начало июнявсе еще живы, все еще живы, все, все, все!» – спявае ўжо шмат дзясяткаў гадоў у кранальнай песні «Даваенны вальс» Іосіф Кабзон, які апошнімі гадамі дапоўніў савецкі рэпертуар пуцінскай прапагандай.

Цяпер мы ўжо ведаем, што «мірнае неба над крэпасцю Берасця» дый над усімі гарадамі Беларусі ўжо не першы месяц пэцкалі дымам эшалоны з нашымі землякамі, якіх тысячамі, з жонкамі, старымі і дзецьмі высылалі ў ГУЛАГ, у тым ліку літаральна за некалькі гадзін да пачатку вайны.

Камуністычны тэрор, які так страшна скалечыў Усходнюю Беларусь у 1920-я і 1930-я гады, прыйшоў у 1939 годзе і на Заходнюю Беларусь, пачаў і тут адразу знішчаць жыцці і лёсы дзясяткаў тысяч людзей.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Толькі ў лютым 1940 году камуністы адправілі ў ГУЛАГ больш за 50 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі. Да вясны з іх загінула больш за 11,5 тыс. чалавек, перадусім дзеці і старыя.

Нашы продкі, зразумела, не былі нейкімі дурнымі ці мазахістамі, таму, як толькі з’явілася магчымасць прадэманстраваць чырвоным прыхадням сваё стаўленне да іх, шмат хто не ўстрымаўся ды ўзяўся за зброю.

«Варожыя элементы… вызвалілі з турмаў больш за 3 тыс. арыштаваных… адкрылі страляніну з вакон па частках і тылах нашых войск, якія праходзілі [праз горад], выкарыстоўваючы для гэтага схаваную зброю былой польскай арміі і кінутае нашымі часткамі», – напісаў ужо 13 ліпеня начальнік 3-га аддзелу (контрвыведка) 10-ай савецкай арміі палкавы камісар Лось у сваім рапарце пра падзеі ў Беластоку.

Весткі пра вайну і паніка сярод савецкага апарату прывялі фактычна да антысавецкага паўстання ў горадзе. Людзі кінуліся вызваляць сваіх сваякоў і сяброў з турмаў.

Зрэшты, прыхадні, відавочна, і так ведалі, што пра іх у Беларусі думаюць, таму:

«У ноч з 22-га на 23-га чэрвеня ганебна збегла ўсё партыйнае і савецкае кіраўніцтва Беластоцкай вобласці. Усе супрацоўнікі органаў НКУС і НКДБ на чале з начальнікамі таксама збеглі. Аналагічнае становішча мела месца амаль ва ўсіх раённых і гарадскіх арганізацыях», – піша камісар Лось.

Немцы занялі Беласток толькі 25-26 чэрвеня. Гэта Беласток, які ў 1944-ым годзе Сталін аддаў сацыялістычнай Польшчы. Можа, на землях, якія цяпер уваходзяць у склад Беларусі, усё было інакш?

У Берасце немцы пачалі ўваходзіць недзе а 8:30 раніцы 22-га чэрвеня, аднак і на наступны дзень не кантралявалі яшчэ ўсяго гораду – гэта было не настолькі важна для іх маланкавага наступу. Можа, мясцовае насельніцтва «як адзін чалавек» пабегла запісвацца ў Чырвоную Армію?

Пра падзеі тут у амаль тэлеграфным стылі піша Расціслаў Аліеў, ці не самы вядомы расейскі даследчык гісторыі баёў у Берасцейскай крэпасці і ў Берасці:

«8.30… Адправілі другую машыну з сем’ямі [савецкіх ваенных і функцыянераў], аднак трывога за іхны лёс толькі вырасла – было бачна, як з некаторых дамоў па калоне, якая адыходзіла, адкрылі агонь са стрэльбаў і кулямётаў невядомыя людзі… Адусюль прыходзяць трывожныя паведамленні. У горадзе пачынаецца хаос – невядомыя страляюць з гарышчаў і балконаў… Банды намагаюцца нападаць і на тых, хто выходзіць з гораду. Іх цікавяць ня толькі каштоўнасці, але і надзея сустрэць знаёмыя ненавісныя твары».

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Патрапіць у рукі мясцовых мсціўцаў камуністам было страшна, часам лепш было здацца немцам. Старшыня гарвыканкаму Салавей не паспеў з’ехаць і быў павешаны жыхарамі гораду проста на вуліцы ў першы ж дзень вайны.

У той жа час нямецкія жаўнеры фіксавалі зусім іншае стаўленне берасцейцаў да сябе: «Насельніцтва паводзіць сябе спакойна».

Як і ў Беластоку, людзі пабеглі да турмы, каб вызваліць зняволеных. Сярод іншых, так выйшаў на свабоду малады ксёндз, а ў будучым – кардынал Казімір Свёнтак.

Такіх вызваленых у першыя дні вайны былі тысячы, калі не дзясяткі тысяч, але іхныя галасы, іхная памяць пра тую вайну амаль цалкам патанулі ў інфармацыйным шуме, які дзесяцігоддзямі стварала савецкая прапагандысцкая машына.

Збамбілі ля турмы ўвесь квартал,

і я пайшоў у сьвет раскутым.

Як радасць для сябе, вайну я прывітаў

радкоў маіх лірычнейшым салютам.

Гэты абсалютна неверагодны для людзей, узгадаваных на савецкай прапагандзе, верш напісаў Майсей Сяднёў у 1941 годзе, які з 1936-га па 1940-вы год быў у савецкім канцлагеры на Калыме, а ў 1941-м зноў апынуўся ў менскай турме НКВД.

А вось сітуацыю ўжо пад Горадняй вясной 1941-га года апісвае савецкі курсант:

«Без зброі і па адным нам не дазвалялася нікуды адлучацца… У першай роце нашага батальёну аднойчы знік дазор з двух байцоў. Праз некалькі дзён аднаго з іх знайшлі прыбітага да зямлі штыкам ягонай жа вінтоўкі, другога ўвогуле не знайшлі».

Як і беластоцкае камуністычнае кіраўніцтва, партыйнае начальства на Гарадзеншчыне таксама збегла

«задоўга да адыходу нашых адзінак, прычым, замест таго, каб вывозіць дзяржаўныя матэрыяльныя каштоўнасці, вывозілі транспартам асабістыя рэчы».

І мы дагэтуль не ўяўляем, наколькі масавымі былі такія радыкальна антысавецкія пачуцці ў Беларусі ў тыя часы. Зазірнем ад Горадні, Берасця і Беластоку далей на ўсход.Так, іншы армейскі контрвыведнік 27-га чэрвеня паведамляў, што паводзіны насельніцтва часта варожыя, а ў раёне гораду Гарадзец, на ўсход ад Кобрына «мясцовыя кулакі» напалі на савецкі рамонтны цягнік, які ішоў з Пінску, каб рамантаваць пашкоджаныя бамбаваннем рэйкі.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

На яшчэ не разрабаванай імі Заходняй Беларусі «саветызатарам» было чым пажывіцца. У 1941-ым годзе прыйшлося бегчы са здабычай альбо хаваць з надзеяй на вяртанне калі-небудзь потым.

«Пры эвакуацыі гораду Слуцку машына з райаддзелу НКВД, у якой ехалі начальнік РА НКВД Мельнікаў, ягоны намеснік Вечарэбін, заехала ў мястэчка Шышчыцы… Супрацоўнікі НКВД, пераапрануліся ў цывільную вопратку, з’ехалі ў напрамку Старыя Дарогі – Бабруйск».

Адначасова гэтыя НКВДзісты схавалі нейкія паперы ў тэчках і, між іншым, 30 штук гадзіннікаў і залатыя манеты, распавядае перапіска савецкага партызанскага штабу з НКВД ужо 1943 года.

Нездарма беларусы не спяшаліся ісці ваяваць, каб бараніць уладу чужынцаў-марадзёраў.

«Ім [сялянам] невядома пра стварэнне партызанскіх атрадаў. Па меншай меры за 10 дзён руху па тэрыторыі праціўніка я не бачыў аніводнага выпадку знішчэння маёмасці [з мэтай не пакідаць немцам] і не чуў пра партызанскія атрады. Былі выпадкі, калі сяляне вёсак разбіралі маёмасць, якая належала саўгасу і дзяржаве», – пісаў ужо знаёмы нам палкавы камісар-контрвыведнік савецкай 10-ай арміі, які прабіраўся на ўсход да сваіх прыкладна 3 тыдні.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Прызыўнікі з Заходняй і Усходняй Беларусі, якія ўсё ж патрапілі ў савецкую армію, таксама не карысталіся даверам камандзіраў. Наступнае данясенне пайшло ў штаб савецкага Заходняга фронту з 30-ай арміі 6-га верасня 1941-га года.

«Ваенная Рада арміі, аналізуючы факты ганебных для арміі з’яваў – здачы нашых чырвонаармейцаў у палон да немцаў, высветліла, што значная частка тых, якія здаліся, належыць да беларусаў па нацыянальнасці… У арміі маюць месца факты пераходаў да немцаў з гэтай катэгорыі чырвонаармейцаў не толькі паасобку, але ў апошні час ёсць выпадкі, калі гэты пераход робяць арганізавана цэлыя групы, напрыклад:

27.VIII у 903 с[тралковым] п[алку] з 8-ай роты 3-га батальёну, якая знаходзілася на перадавой лініі фронту, з паста сышла да немцаў са зброяй група чырвонаармейцаў у колькасці 5 чалавек. Усе аказаліся беларусамі, ураджэнцамі Віцебскай вобласці; 31.VIII таксама са зброяй зрабілі пераход да немцаў 14 выведнікаў… Таксама ўсе беларусы…».

Нямецкая ацэнка сітуацыі не надта адрознівалася ад савецкай:

«3-ая Танкавая група [армія]

11-га ліпеня 1941-га года

…Неабходна адзначыць, што пакуль што беларускае насельніцтва, то бок насельніцтва раёну прыкладна да лініі Гомель – Касцюковічы – Клімавічы, Горкі, Дуброўна, Віцебск, Гарадок) вяло сябе бездакорна… Той давер цывільнага насельніцтва да нямецкіх узброеных сіл і той пад’ём, з якім мясцовыя жыхары сустрэлі сваё вызваленне ад савецкага рэжыму, не павінны быць падарваныя некарэктнымі ці няправільнымі дзеяннямі асабістага складу арміі ці адзінак, якія знаходзяцца ў армейскім падпарадкаванні».

Ці патрэбныя тут нейкія каментары?

Вайна, як тое не дзіўна, дала ў 1941 годзе вялікай колькасці беларусаў надзею на новае жыццё. Менавіта з гэтай надзеяй выходзілі людзі на вуліцы Беластоку, Берасця, Вялейкі, Горадні, Менску, Віцебску. З гэтай надзеяй рыхтаваліся групы беларускіх дыверсантаў-нацыяналістаў, якія высадзіліся ў савецкім тыле ў гэтыя чэрвеньскія дні.

Але сіла, якая праганяла камуністаў, аказалася ня менш злачыннай за іх. Распачалася новая трагедыя, у якой наш народ змагаўся са злачынцамі розных колераў і цярпеў пакуты адначасова ад камуністычнага і нацысцкага тэрору.

Толькі праз 50 год Беларусь атрымае сапраўдную свабоду.

Пастскрыптум

«Вялікае значэнне для дасягнення перамогі мела маральна-палітычнае і духоўнае адзінства савецкага грамадства», – гэта не цытата з нейкага пленуму КПСС 1970-ых гадоў. З гэтымі словамі выступаў на пачатку чэрвеня 2015-га года кіраўнік «Беларускага рэгіянальнага аддзялення Акадэміі ваенных навук» генерал-маёр запасу Вячаслаў Шумілаў. Ягоныя словы з павагай перадрукавала газета беларускай арміі «Во славу Родины». Відаць, ёсць тут нейкая карысная інфармацыя для сучасных беларускіх афіцэраў і салдат.

Наўрад ці трэба падазраваць рэдакцыю газеты і генерал-маёра Шумілава ў няведанні гісторыі, таму прыемна, што яны не лічаць беларускі народ часткай савецкага грамадства.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў