Невідзімкі беларускага грамадства. Як лётчык ладзіць скокі з парашутам для людзей з абмежаванымі магчымасцямі


І не толькі з парашутам. Сяргей Доўгаль катае іх на самалёце, апускае на глыбіню з аквалангам да дэльфінаў і вязе ў Зорны гарадок спрабаваць сябе ў цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў.

Былога вайсковага пілота, які сёння працягвае сваю летнюю практыку ў прыватным клубе аматараў авіяцыі, у 2012-м годзе, як кажуць, «пераклініла». Усяго адзін фільм цалкам перавярнуў яго жыццё. «Фарпост» – дакументальны фільм пра настаяцеля Свята-Узнясенскага манастыра на мяжы Украіны з Румыніяй, айца Міхаіла, які бярэ пад сваю апеку сіротаў, пакінутых састарэлых людзей, для якіх пазней пабудаваў прытулак.

Сяргей Доўгаль

«Я падумаў тады: чаму мы ўвесь час адкладаем добрыя ўчынкі на пазней? Тады я першы раз паехаў у дзіцячы інтэрнат для асаблівых дзетак. Пасля гэтага не магу спыніцца. Гэта маё жыццё. З часам зразумеў, што калі над дзіцячымі псіха-неўралагічнымі інтэрнатамі яшчэ ёсць апека, то дарослыя ПНІ проста нікому не патрэбныя. З дзіцячага інтэрната, яны трапляюць у дарослы, а адтуль проста на могілкі. І калі нават у вязняў турэмных ёсць шанец выйсці на волю, то ў іх яго няма. Наш абавязак палегчыць іх адзіноту і цярпенні», – тлумачыць Сяргей.

У 2013-м годзе Сяргей Доўгаль разам са сваім блізкім сябрам Аляксандрам Ціхановічам, які быў актыўным добраахвотнікам дабрачыннай арганізацыі, запускаюць канцэртны праект «Ад сэрца да сэрца», для людзей з інтэрнатаў.

Праект палюбілі ўсе – як падапечныя фонду, гэтак і артысты, валанцёры і ўсе неабыякавыя да чужой бяды.

Чтайце таксама:

Два разы на год, летам на свята Святой Тройцы і ўзімку на Міжнародны Дзень інвалідаў на канцэртных пляцоўках Менску намаганнямі фонду збіраецца больш за тысячу чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. На канцэртах жыхары інтэрнатаў могуць сустрэцца са старымі сябрамі, завесці новыя знаёмствы і атрымаць асалоду ад канцэртаў.

Галоўнае – гэта падараваць хоць хвіліну «нармальнага» жыцця

З падапечнымі фонду. Фота з архіву Сяргея Доўгаля

Акрамя канцэртаў для асобаў з ПНІ кожны год ладзяць пікнікі. Сёлета атрымалася некалькі груп пакатаць на яхтах і цеплаходзе па Менскаму мору. Прадстаўнікі ўсіх інтэрнатаў, якімі апякуецца фонд, здзейснілі ў гэтым годзе паветраныя шпацыры на лёгкаматорным самалёце. Мінулым летам ладзілі турнір па футболу паміж інтэрнатамі.

«Кожны год стараемся рабіць нешта новае і нязвыклае. Мы бярэм ад 30 да 50-ці асобаў з кожнага інтэрнату. Бачылі б Вы, як яны просяцца на выезды. Паездка – гэта адзін з відаў узнагароды. У паездкі трапляць тыя, хто працуе ў ПНІ, змагаецца са шкоднымі звычкамі, дапамагае самым цяжка хворым, апякуецца імі. Для іх выхад з інтэрнату – гэта ўжо вялікая падзея. І яны вельмі стараюцца. Гэта сапраўды нешта неверагоднае, бо яны ўвесь час варацца ў гэтым інтэрнаце», – кажа Сяргей.

«Мы кінулі выклік усяму свету» – рэабілітацыя з дапамогай экстрыму

Скокі з парашутам з удзелам людзей з асаблівасцямі
Фота з архіва Сяргея Доўгаля

Дзяніс Няверка тры гады быў прыкаваны да інваліднага вазка. Пасля няўдалага скоку ў ваду, ён не можа хадзіць. Каб хлопец не страціў веру ў сябе, Сяргей з камандай вырашылі добра казытнуць яго нервы. Сёлета ў жніўні Дзянісу дапамаглі скочыць з парашутам. Да гэтага хлопец разам з камандай апусціўся з аквалангам у менскім басейне і прабыў гадзіну на глыбіні шасці метраў. Дзяніс часта разам з Сяргеем лётае на самалёце ў складзе экіпажа.

Цяпер Сяргей вядзе перамовы з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў. У планах – экскурсія па Зорнаму гарадку і спроба рэальнай падрыхтоўкі касманаўтаў.

«Ім непатрэбныя слёзы і шкадаванне. Я з імі размаўляю, як са звычайнымі людзьмі. Яны для мяне здаровыя. У пэўны момант я падумаў, чаму б грамадства не абудзіць гэтым? Грамадству патрэбны выклік. Неабходна паказаць, што магчымасці гэтых людзей далёка не абмежаваныя. Яны змогуць лётаць, змогуць скакаць з парашутам, апускацца на глыбіню, круціць вышэйшы пілатаж на самалёце, змогуць у бліжэйшы час пракаціцца на баявым знішчальніку, наведаць Зорны гарадок, прайсці лёгкую падрыхтоўку касманаўта і прымераць на сябе скафандр. Я хачу паказаць, што гэтыя асобы таксама гэта ўсё могуць і зараз гэта людзей пачынае кранаць. Я не саромеючыся гэта скажу, што для людзей з ПНІ ў свеце мы зрабілі гэта першыя», – тлумачыць Сяргей.

Дэльфінатэрапія. Фота з архіва Сяргея Доўгаля

Акрамя таго, Сяргей плануе адчыніць спецыяльную пляцоўку для сацыялізацыі з далейшай інтэграцыяй людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі ў грамадства. Стварыць магчымасць лячэння многіх людзей з дапамогай экстрэмальных відаў спорту і дэльфінатэрапіі. А таксама стварыць праграму пошуку сваякоў і знаёмых сярод жыхароў інтэрнатаў.

«Чакай на мяне» для жыхароў ПНІ

Сяргей Доўгаль з падапечнымі фонду. Фота з архіва Сяргея Доўгаля

«Часам бывае, што бацькі, саромеючыся асаблівага дзіцяці, не маючы магчымасцяў, або і жадання выхоўваць яго, аддаюць дзіця ў прытулак. Потым, калі з’яўляецца жаданне наведаць дзіця або забраць яго, бацькі нават не ўяўляюць, дзе яно знаходзіцца. Або іншая гісторыя. Святлана Палонская. Калі мы пазнаёміліся, ёй было 55, зараз каля 60. Яна кажа: Сярожа, у мяне ёсць брат у Стаўбцоўскім інтэрнаце, вельмі хачу яго ўбачыць. Я пытаюся, колькі вы не бачыліся? А яна мне кажа – 50 гадоў. 50 гадоў, разумееце!? Адлегласць адсюль 120 км. Кажа, калі мы былі маленькія, нас развезлі па розных інтэрнатах. Мы былі пагодкі. Яму 55 і мне 55. Стас яго клічуць», – распавядае Сяргей.

Доўга не думаючы Сяргей з камандай зладзілі сустрэчу для брата і сястры ў стаўбцоўскім інтэрнаце і арганізавалі канцэрт.

«Падчас канцэрту мы іх вывелі на сцэну і яны чыталі вершыкі і спявалі песенькі, як у дзяцінстве, калі ім было па 5 гадоў. Яны ўсё памяталі. У нас усіх слёзы цяклі. З часам мы вывезлі Стаса да Светы ў Барысаўскі ПНІ. Ён вельмі прасіў: Я хачу паглядзець, як мая сястрычка жыве».

«Мы жывем, як можам, а яны жывуць, як мы ім дапаможам…»

Як распавядае Сяргей, усе інтэрнаты ў Беларусі перапоўненыя і на іх стаяць чэргі па ўсёй краіне.

«У нас гэтая праблема практычна не падымаецца і не афішуецца. «Фармат» беларуса як грамадзяніна краіны – прыгожы, здаровы… як і ва ўсіх краінах. А тыя людзі, якія не ў фармаце, трапляюць, самі бачыце куды. Падалей схаваныя ад людскіх вачэй, у глухіх вёсках або гарадах за бетоннымі сценамі.

У Заходняй Еўропе асаблівыя грамадзяне па большай частцы жывуць у соцыуме разам са звычайнымі людзьмі. Яны не пазбаўляюцца дзеяздольнасці ў адрозненні ад нашых, пры законным акрэсленні, што кожны грамадзянін нашай краіны мае права на працу! У мусульманскіх краінах увогуле няма інтэрнатаў, такіх людзей родныя даглядаюць удома. У Грэцыі, на востраве Корфу, напрыклад, яны прыслугоўваюць у бажніцы пры алтары, а ў Еўропе працуюць адміністратарамі і афіцыянтамі ў рэстаранах.У нас да такога яшчэ далёка. А трэба, каб яны прывыкалі да жыцця ў нашым грамадстве – сацыялізаваліся і адаптаваліся. Хоць нашмат важней, каб нашае грамадства да іх прызвычайвалася і палюбіла гэтых нязвыклых людзей», – кажа Сяргей, які шукае аднадумцаў, валанцёраў і каардынатараў па іншых абласных гарадах Беларусі.

«Дзясяткі інтэрнатаў ёсць у кожным рэгіёне і ім таксама патрэбна дапамога. Але самі мы ўсяго ахапіць не можам. На патрэбны людзі на месцах. Не нам, а ім. Яны чакаюць на тое, што пра іх успомняць».

Як дапамагчы?

Жыхарам псіханеўралагічных інтэрнатаў дапамога патрэбна на ўсіх узроўнях.

«Патрэбна ўсё. Спіс вельмі доўгі на жаль. Пампэрсы! Калі не пампэрсы, супрацоўнікі інтэрнатаў просяць хаця б кавалкі воданепранікальнай цыраты. Сродкі асабістай гігіены, побытавай хіміі. Рэчы, вопратка. Не старамодныя і чыстыя. Аўдыё-відэа апаратура. Іх вельмі мала наведваюць, то хаця б, каб тэлебачанне паглядзелі, музыку паслухалі. Мы правялі ім кабельнае тэлебачанне. Старыя касеты, шмат хто выкідае, а яны ім патрэбны. У іх ёсць старыя відэамагнітафоны. Нават у некаторых касетныя магнітафоны ёсць. Калі ёсць кнігі – прымем. У нас бібліятэкі ёсць. Многія чытаюць. Прадукты харчавання. Бакалейныя тавары. Пячэнне, гарбата, кава, цукар, цукеркі. Канцтавары. Сшыткі. Алоўкі каляровыя. Альбомы для малявання, пластылін – усё што неабходна для творчасці, каб сябе чымсьці заняць. Медыкаменты, бінты, марля. Шкарпэткі, бялізна. Канешне, калі нехта не хоча заварочвацца і дапамагчы фінансава, то толькі вітаем. Пасля за ўсе выдаткі мы прадстаўляем справаздачы», – пералічвае Сяргей.

На дадзены момант Сяргей і яго каманда апякуецца 12 інтэрнатамі Менскай вобласці. Гэта каля 3 тысячаў асобаў. У Беларусі інтэрнатаў каля 50.

Цягам некалькіх гадоў дзейнасці з невялікай групы добраахвотнікаў вырасла цэлая арганізацыя – Дабрачынны фонд дапамогі дзецям і дарослым інвалідам, якія пражываюць у псіханеўралагічных інтэрнатах і людзям з абмежаванымі магчымасцямі імя Аляксандра Ціхановіча «Спірос». Фонд цяпер налічвае каманду каля 70 асобаў. Яны займаюцца духоўнай і культурна-маральнай асветай тых, хто жыве ў інтэрнатах і іх супрацоўнікаў, ладзяць заняткі па працатэрапіі і фізічнаму выхаванню, арганізоўвае шматлікія выезды за межы ПНІ на розныя экскурсіі, паломніцкія паездкі па святынях Беларусі, на канцэртныя пляцоўкі ў Менск.

Амаль усё, што робіць фонд, робіцца на дабрачыннай аснове. На ўсё патрэбны грошы. Паліва. Каб аб’ехаць хаця б па аднаму разу ў месяц кожны інтэрнат, трэба ездзіць па 2-3 разы на тыдзень. Каб вывезці ўтрыманцаў інтэрнатаў, патрэбная дапамога прыватных і дзяржаўных транспартных кампаніяў, якія на жаль рэдка адгукаюцца бясплатна. Але самае важнае, на думку Сяргея, што мы можам даць асаблівым людзям, гэта проста чалавечы клопат і ўвага.

Кантакты:

Сяргей Доўгаль +375 29 373-72-50;

эл.пошта: sergeyfondspiros@gmail.com

ААТ «БПС-Сбербанк» р/р BY 41BPS30211818370119330000 УНП 100219673

Групы Укантакце і Facebook: Благотворительный фонд «Спирос»

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў