Невідушчы: Патэлефанавалі і сказалі прагаласаваць за пэўнага кандыдата або будзе дрэнна


Як ціснуць на інвалідаў, спекулюючы іх галасамі на выбарах.

Паводле статыстыкі Таварыства інвалідаў зроку ў Беларусі каля 15-ці тысячаў невідушчых. Невыпадковае пытанне – якім чынам яны будуць галасаваць падчас прэзідэнцкіх выбараў? Ужо цяпер некаторым недвухсэнсоўна намякаюць, за каго трэба паставіць галачку.

Невідушчаму сябру аднаго з рэгіянальных філіялаў ААА «БелТІЗ» патэлефанавалі і настойліва параілі аддаць свой голас за пэўнага кандыдата.

«Трэба галасаваць за цяперашняга прэзідэнта, таму што ён нам кшталту ўсё дае. Гэта будзе дрэнна, калі вы не прагаласуеце, і дрэнна для вас», – кажа невідушчы, які не захацеў раскрываць сваё імя.

Праваабаронцам вядомыя і іншыя факты выкарыстоўвання ўразлівых сацыяльных групаў, каб сабраць подпісы за пэўнага кандыдата. Паводле закону, кожны сам вырашае, удзельнічаць у выбарах ці не, але ў выпадку з інвалідамі працадаўцы маюць дадатковыя рычагі ўплыву.

«Інваліды зроку, і ў прынцыпе інваліды, знаходзяцца ў яшчэ горшым становішчы, чым іншыя грамадзяне, бо ў іншых есць тэарэтычна магчымасць пошуку працы ў выпадку, калі яго звольняць, не працягнуць з ім кантракт», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Пытанні ёсць таксама і да самога працэсу галасавання. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах невідушчыя маглі аддаць свой голас на ўчастку толькі пры дапамозе суправаджальнай асобы, але гэты спосаб не гарантуе захавання права на таямніцу выбару.

«Суправаджальнікі розныя, таму што не ў кожнага есць сваяк, не ў кожнага есць сваяк, які падзяляе яго палітычныя погляды. Розныя могуць быць сітуацыі, але мы не можам пра гэта казаць, бо праверыць гэта немагчыма», – адзначае намеснік старшыні ГА «БелТІЗ» Міхаіл Антоненка.

Сёлета ЦВК плануе ўвесці новую сістэму, але і яна не зусім дасканалая – невідушчыя ўсё яшчэ не змогуць прачытаць бюлетэню, бо ён не будзе напісаны шрыфтам Брайля.

Такім чынам, адэкватных умоваў для галасавання інвалідаў зроку ў нашай краіне ўсё яшчэ няма. А гэта значыць, што паўплываць на вынікі галасавання ў гэтым выпадку вельмі проста.

Настасся Храловіч

Стужка навінаў