Неўзабаве можна будзе сыграць у «дурня» картамі з сапраўднымі каралямі


Гарадзенцы рыхтуюцца выдаць ігральныя карты з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай.

Творчае згуртаванне «А-чатыры» з Горадні, вядомае ужо выдадзенымі настолкамі «Паўстанцы» ды «На трох кітах», рыхтуюць да выдання ігральныя карты Лапіных, якія былі вельмі папулярныя на тэрыторыі міжваеннай Польшчы. А выявы на картах каралёў Рэчы Паспалітай з’яўляюцца разынкай гэтага праекту.

Ігральныя карты з гісторыяй амаль у 100 гадоў

Ідэя стварыць такія карты нарадзілася ў згуртавання «А-чатыры» тады, калі яны ўбачылі ў сеціве артыкул пра тое, што ў Гародні знайшлі карты, якія некалі былі вельмі папулярныя: «Згуртаванне займаецца стварэннем настольных гульняў, дык падумалася, а чаму б зараз не аднавіць гарадзенскія ігральныя карты часоў міжваеннай Польшчы» – зазначае Антось Янкоўскі – адзін з удзельнікаў згуртавання.

Спачатку было праблемна адшукаць арыгіналы, але тут на дапамогу прыйшоў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, у якога былі арыгіналы ды выявы картаў, знойдзенных у сеціве. На вялікі жаль, якасць была не з лепшых.

«Таму цяпер прыходзіцца ўсе карты аднаўляць, а дакладней – адмалёўваць. Гэтай працай займаецца мастачка Наста Янкоўская. Яна адмалёўвае усіх каралёў, вальтоў і дамаў» – распавядае Антось, пакуль Наста старанна вымалёўвае бубновую даму.

Пагуляць у «дурня» картамі з сапраўднымі каралямі

З нулю распрацоўваецца каробка для картаў, бо як выглядаў арыгінал – невядома. Пры распрацоўцы за аснову бяруцца штампы ды лагатыпы прадпрыемства братоў Лапіных. Каробка будзе двух тыпаў: папяровая ды скураная.

Гэтымі картамі можна будзе гуляць у любую гульню, хоць у Каралеўскага дурня – смяецца Антось – Але ў гістарычных даведніках былі знойдзеныя і іншыя гульні, з якімі згуртаванне «А-чатыры» пазнаёміць аматараў картаў Лапіных неўзабаве.

Разынкай картаў Лапіных з’яўляюцца выявы каралёў Рэчы Паспалітай. На каралях калоды можна пазнаць Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага. А над масцяй у каралей змешчана карона, што сімвалізуе «сапраўднага караля – гістарычную асобу».

Выдаць карты «Талакой»

Ад 11 траўня стартавала краўндфаўдынгавая кампанія на платформе «Талака» па збору сродкаў на выданне гульні.

«Гэтым разам не даем ніякіх бонусаў, проста прыемны кошт, танейшы, чым пазней ён будзе у крамах, а таксама для аматараў прапануем замовіць гульню у скураным чахле. Гэта будзе лемітаваная версія, такі варыянт картаў будзе толькі ў тых, хто падтрымае выхад гульні праз Талаку» – распавядае пра кампанію Антось ды дадае, што адзін асобнік картаў можна замовіць усяго за 5 рублёў.

Паралельна згуртаванне «А-чатыры» рыхтуе яшчэ некалькі праектаў. З некаторымі нават плануюць выйсці на расейскі рынак, пакарыць Маскву, жартаўліва кажуць стваральнікі настолак. Неўзабаве пашырыцца дзіцячы асартымент, але падрабязнасці будучых праектаў сябры творчага згуртавання пакуль замоўчваюць.

Вядомыя карты на ўсю Польшчу

Ігральныя карты Лапіных вырабляліся ў Горадні з пачатку 1920-х гадоў і да пачатку 1940-х. Карты Лапіных былі вядомыя на ўсёй тэрыторыі міжваеннай Польшчы тым, што на картах друкаваліся выявы шляхты часоў Рэчы Паспалітай. У 1944 годзе Горадню заняла Чырвоная армія і вытворчасць карт на прадпрыемстве спынілі. Новая ўлада там пачала друкаваць свае плакаты. Браты ж Лапіны загінулі ў часы ІІ Сусветнай вайны.

МД belsat.eu

Стужка навінаў