Неўролаг – літаратару: Это вы после приступа по-белорусски заговорили?


Пра сумныя ды смешныя выпадкі, як беларусы ўспрымаюць родную мову, пісьменнік Уладзімір Арлоў распавядае ў фільме «Час кніганошаў».

«Адзін мой знаёмы літаратар варыў каву і страціў прытомнасць. Прывезлі ў шпіталь хуткай дапамогі. Прыйшоў да прытомнасці, і неўролаг дзяжурны ў яго пытаецца: «Скажите, это вы после приступа по-белорусски начали говорить?», – узгадвае Уладзімір Арлоў у новым дакументальным фільме Уладзіміра Коласа.

Беларуская мова гучыць у нашай краіне рэдка. Пісьменнікам, якія пішуць па-беларуску, нярэдка перашкаджаюць сустракацца з чытачамі. Іх кнігі з цяжкасцю трапляюць на паліцы кнігарняў. Фільм распавядае пра паездкі некалькіх вядомых беларускіх літаратараў на сустрэчы з чытачамі. Пра цяжкасці ды праблемы, якія даводзіцца пераадольваць тым, хто прысвяціў жыццё беларускай літаратуры.

Вось, бывае, прывядуць на сустрэчу вясковых школьнікаў. А яны не разумеюць беларускіх словаў! І даводзіцца, напрыклад, тлумачыць, што такое скарб. Або заедуць пісьменнікі на аўтазапраўку па дарозе да чытачоў, папросяць кавы, а ім «какао» хочуць прынесці.

Але вось вам і пазітыўны прыклад. Цягнік «Кіеў–Менск». У купэ да Уладзіміра Арлова ўваходзіць чалавек нападпітку з двума валізкамі, набітымі пляшкамі каньяку. Адна з іх адразу з’яўляецца на стале. На пытанне, як ён збіраецца ўсё гэта правезці праз мяжу, адказвае – «Все схвачено». Далей – рэакцыя госця на беларускамоўнасць Арлова: «Я сам из деревни». «Язык ваш белорусский отмирает». «Я уже другой человек». «По-белорусски уже никто не разговаривает».

«Як гэта ніхто? – пярэчыць пісьменнік. І прапаноўвае прайсці па вагоне, дзе «кожны другі па-беларуску гаворыць». І кожнаму такому праставіць бутэльку каньяку. Пасажыр згаджаецца.

«Я ж не такі наіўны, – тлумачыць Арлоў удзельнікам літаратурнай сустрэчы, фрагмент якой мы бачым у стужцы «Час кніганошаў». – У гэтым вагоне ехалі журналісты БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) з канферэнцыі ў Кіеве…»

Зала ўзрываецца смехам. Чым скончылася гісторыя, глядзіце ў фільме (відэа вышэй).

Час кніганошаў, д/ф
2016 г., Беларусь
рэж. Уладзімір Колас

Інга Астраўцова, belsat.eu, фота на перадпраглядзе kinopoisk.ru

Глядзі таксама
Каментары