Неспрыяльныя ўмовы надворʼя – за содні ў ДТЗ загінулі 6 асобаў


Снегапад стаў прычынай некалькіх буйных аварый у Беларусі.

Самае масавае ДТЗ здарылася ў Гомельскім раёне. Тры мужчыны вярталіся з рыбалкі, кіроўца не справіўся з кіраваннем і на вялікай хуткасці пратараніў мікрааўтобус. Кіроўца і пасажыры легкавіка загінулі на месцы. Прычынай заносу маглі быць летнія апоны.

Яшчэ адно лабавое сутыкненне здарылася ў раёне Валожына. У выніку ДТЗ загінула маладая пара.

У Берасці кіроўца згубіў прытомнасць падчас руху і ўехаў у павільён. Кіроўца загінуў на месцы аварыі.

Інспектар ДАІ Станіслаў Салавей папярэджвае, што ні ў якім разе нельга ісці на абгон.

«Акрамя таго, кіроўцы павінны памятаць, што нельга рабіць рэзкіх манеўраў, ціснуць на педаль, калі аўтамабіль пайшоў у занос. Пешаходы павінны разумець, што слізкая дарога не дае кіроўцу магчымасць спыніцца нават за 10-15 метраў».

За здарэннямі ў рэжыме рэальнага часу сочаць ратавальнікі.

Мокры снег можа стаць прычынай пашкоджання лініяў электраперадач і дрэваў. МНС рэкамендуе трымацца далей ад будоўлі ды незамацаваных канструкцыяў. Сурʼёзную небяспеку для пешаходаў уяўляюць ледзяшы на дахах будынкаў.

Надворʼе палепшыцца на наступным тыдні. Сёння ў Беларусі чарговы дзень з «памаранчавым узроўнем небяспекі».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў