Неспадзяванка на Раство. Як Міністэрства гандлю выратавала святочны стол


У вёску на Каляды едзе Міністэрства гандлю! У раённым спажывецкім таварыстве перапалох. Самі тэлефануюць у крамы ды цікавяцца, што прывезці з прадуктаў. Святочны стол будзе ўратаваны, за гэта трэба дзякаваць мужчынам з Чыркавіч, якія патэлефанавалі ў Менск і паскардзіліся на пустыя прылаўкі.

Чыркавічы – пасёлак для пацярпелых ад ЧАЭС, які ахрысцілі гэтак жа, як і старую вёску, што стаіць за рэчкай Чыркай, праз поле. Побач яшчэ адныя Чыркавічы – аграгарадок.

Прадавачка ў вёсцы Чыркавічы доўга размаўляла па тэлефоне, выпрабоўваючы маё цярпенне. Жанчына з усмешкай надыктоўвала спіс прадуктаў. У яе быў сапраўды святочны настрой у голасе. Вось яно, шчасце, калі тэлефануюць з раённага спажывецкага таварыства і цікавяцца, якімі прадуктамі парадаваць насельніцтва ў святочныя дні. І гэта пры тым, што ў той вялікай краме ёсць усяго патроху: і салодкае, і напоі, і хлебабулачныя вырабы. Нават апетытныя торцікі прывезлі, стварылі сапраўды прадуктовы рай. У малой краме ў пасёлку, што праз поле, – усяго гэтага няма.

Перасяленцы незадаволеныя сваёй крамай яшчэ з канца снежня, калі перад Новым годам на паліцах не было асаблівага выбару. Быў толькі жыццёва-неабходны мінімум, як жартуюць мясцовыя. А гэта – хлеб, малочныя прадукты, соль, спецыі ды, галоўнае, – гарэлка з півам. І заўжды ёсць шакаладкі на закуску.

У мужчынаў узнікла вялікая крыўда на тую краму. Бо ў шмат у каго, відаць, святочныя сталы ў Раство заставаліся пустымі. Затое навагоднія аж ламаліся ад прысмакаў, бо за прадуктамі ездзілі ў горад. Светлагорскі «Еўраопт» – адзінае выратаванне з нізкімі коштамі. У выходныя і перад святамі стаянка супермаркету нават не можа змясціць усе машыны, столькі прыязджае ахвотных.

Зрабіць чарговую перадсвяточную закупку перашкодзілі маразы. Вёска быццам бы вымерла. На вуліцы – ні душы. Сашка-качагар расказаў, што і ў краме, якую ён абаграе, пакупнікоў няма. Калі хто і здолее па марозе забегчы, то адразу разварочваецца і – назад дадому. У краме няма на што глядзець. Мусіць, гісторыя з паўпустымі прылаўкамі ўсё ж дасягнула свайго апагею, і выратаваць сітуацыю магло толькі Міністэрства гандлю. І гэтае выратаванне пачалося з перапалоху ледзь не ва ўсіх раённых крамах.

Прадавачка загадала Сашку-качагару зрабіць генеральную прыборку ў качагарцы, раптам і туды зойдуць. «А што там вымятаць, калі і так чыста?! Кожны дзень мяту», – бубнеў Саша, але мёў. У яго качагарцы, дарэчы, сцены і столь пабеленыя, што разбурае стэрэатып пра чорнае, бруднае, з павуцінай, памяшканне. Саня не змог застацца ў баку і прыняў удзел у замове прадуктаў. Падказваў Аньцы: «Яблыкі, бананы, дрожджы… Скажы, няхай дрожджы прывязуць, жонка пальчыкаў напячэ».

Справы амурныя

Міністэрства гандлю ўжо ведае пра чыркавіцкіх крыўдлівых мужчын. Адзін з іх у канцы 2014-га года паскардзіўся на сваю жонку! Яна працавала ў мясцовай краме ў канцы 90-ых і цяпер, у двухтысячных. Яе смела можна назваць прадавачкай №1. Вяскоўцы не ўяўлялі сваю краму без Уршулі. Аднак, ужо прайшоў амаль год, як жанчына працуе ў горадзе. Прадавачка з яе добрая, і людзей, і сябе не пакрыўдзіць. У пазыку давала, называецца гэта «на спіс», і «ў нагрузку», што значыць, калі купляеш свежы хлеб, вазьмі і чэрствы бохан – для гаспадаркі. Усе памятаюць хітрую Уршуліну ўсмешку. Як спрытна яна аблічвала, гледзячы ў вочы.

Аднак, дзе коратка, там і рвецца, кажа народная мудрасць. Адладжаную сістэму працы зламаў Уршулін мужык. Яго абурала, што жонка да 21:00 сядзела ў краме. То прыбірала, то падлічвала штосьці. І гэтак штодня, за выключэннем нядзелі – ад самай раніцы да позняга вечара.

А дома па гаспадарцы не было каму порацца. Вось раззлаваны і пакрыўджаны муж паскардзіўся ў Міністэрства гандлю на адсутнасць жонкі дома. Кажуць, адаслаў ім нават фотаздымкі непрыбраных пакояў. Прыехала і раённая праверка. Расказваюць, што ў краме назбіралася народу нібы на вяселле. Упікнуць за непрафесійную прыгоднасць Уршулю не змаглі.

Аднак, неўзабаве жанчына ўсё ж перабралася працаваць у гарадскую краму. Кажуць, раённае кіраўніцтва папрасіла прадавачку вызваліць месца, каб не сварыцца з яе раз’юшаным мужам. А ён жа і раённаму спажывецкаму таварыству не даваў спакою. Цяпер Уршуля два дні працуе і два дні адпачывае. Ды і зарабляе больш, бо крама належыць Гомельскай чыгунцы, а яна, па ўсім відаць, багацейшая за Светлагорскае райспажыўтаварыства.

Старыя Чыркавічы

Магазінны каламбур

І вось, літаральна праз год, у Чыркавічы зноўку едзе праверка з Менску. Сашку-качагару шкада новую маладую прадавачку, што яна можа атрымаць па першае чысло за пустыя прылаўкі. Анька, напярэдадні Калядаў, ужо некалькі разоў давала замову на прадукты. А машына толькі алкаголь ды хлеб прывозіла. Другі раз усю замову ў разгрузілі ў Чыркавічах, але не ў пасёлку, а ў вёсцы – сказалі, што памыліліся. Такім чынам, пасялкоўцаў зноў падвялі. А разам з імі і гасцей з Нямеччыны, што акурат прыехалі да сваячкі. Асабіста для іх прасілі прадавачку замовіць упакоўку мінералкі.

Добра, што ў крамы няма бетоннай сцяны-агароджы, як у старой вёсцы Чыркавічы, і няма дзе пісаць афарызмы пра хлеб і працу. А то б пасялкоўцы закідалі такую сцяну пратухлымі яйкамі. Народная мудрасць «Працуй да поту, дык паясі з ахвотай» можа толькі раззлаваць жабракоў-дармаедаў, Сашку-качагара, пакрыўджаных мужчын ды прыезджых немцаў.

Дарэчы, наконт сапсаваных прадуктаў, яны трапляюцца ў рукі спажыўцоў даволі часта. У ваколіцы няма ніводнай бездакорнай крамы. Самы эфектны выпадак здарыўся з пернікамі. Калі дзяўчынка ела іх, ідучы, не звяртаючы ўвагу на іх вонкавы выгляд. Аж раптам у роце стала нясмачна. Толькі тады і заўважыла, што пернікі з чарвякамі! Вярнулася ў краму, аддала прадавачкам тое, што засталося, і з тых часоў ніякай выпечкі там не купляе.

А зусім нядаўна, у лістападзе, Аня панапрывозіла ў краму і рыбу, і садавіны, і аўсянае печыва. Пачатак працы абяцаў быць прыбытковым. А свякруха прадавачкі дапамагала з пакупнікамі. Заахвочвала аднавяскоўцаў прыходзіць у краму, бо людзі даўным-даўно перасталі там паказвацца.

Прадавачка, што была перад Анькай і пасля Уршулі, вельмі ленавалася. Працаваць не хацела. Казалі, што яна на ногі хворая. Цяпер жанчынка ў старых Чыркавічах за касіра, а на гэтай пазіцыі раскладваць тавары не трэба, сядзі сабе за касавым апаратам ды грошы лічы. Дык вось, у пасялковай краме з той лайдачкай нават свежы хлеб звёўся. Людзі хадзілі ў «Каласок», што ў суседнім пасёлку Мядкоў, за хвойнікам. Таму маладой ды спрытнай Аньцы толькі давялося ўвайсці ў давер, як па віне раённага спажывецкага таварыства ў краме перад важным зімовым святам апынуліся пустыя прылаўкі. Зноўку параза.

У краме «Каласок»

Як на зло, правераны «Каласок» пачаў расчароўваць. І ён пусцеў на вачах. Прадавачкі патлумачылі, што «Каласкі» ва ўсім раёне зачыняюцца, таму распрадаюць тое, што маюць. З новага прывозяць толькі хлеб, батон ты малочныя прадукты. Ну і віна-гарэлачны аддзел цешыць вока.

Таму самай папулярнай крамай стаў мядкоўскі прадуктовы кіёск з рамантычнай назвай «Маямі». Чаго толькі там няма ў параўнанні з дзяржаўнымі крамамі! У невялікім прамавугольніку змяшчаюцца некалькі лядовень з малочнымі прадуктамі, марозівам ды кілбасамі. З салодкага тут можна набыць не толькі «Снікерсы» ды «Марсы», але і смачненныя пірожныя. Апошні суботні прывоз асабліва парадаваў напалеонамі. Па памерах адно пірожнае выглядала як два напалеоны. І кошт, адпаведна, падвойны – 16 тыс. Гандлёвы павільён ператварае некаторыя мары спажыўцоў у рэчаіснасць.

Крама «Маямі»

Аднак, не магу зразумець, чаму кіёск мае назву курортнага гораду на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяну. Можа, ад таго, што прадавачка там не мерзне, сінеючы і хварэючы ад холаду, як Анька. У «Маямі» сапраўды як у Маямі. Нават Сашка-качагар дзівіцца такому цяплу. У яго краме колькі не тапі, усё адно холадна. А тут грэе кандыцыянер.

P.S. На той момант, калі артыкул ужо быў надрукаваны, у пасялковай краме прадукты так і не з’явіліся. Сашка-качараг у чаканні вечара. Ён пакуль не страціў надзею набыць дрожджы, якіх няма ў ніводнай мясцовай краме. І апошні пачак мукі хтосьці купіў. Затое Сашкавай жонцы пашанцавала забраць апошні цукар.

Ядзя Бурштынава, belsat.eu. Фота аўтаркі

Глядзі таксама
Каментары