«Непатрэбная» спадчына: Збудаваныя немцамі мост і падземны пераход зараз у руінах


У Горадні ўнікальны падземны пераход пад чыгуначным палатном «патануў» у брудзе.

Мост, збудаваны са шліфаваных гранітных плітаў праз Гараднічанку ў раёне Старога Замку, ведаюць, мабыць, усе гарадзенцы. Не аднойчы тут ладзіліся рамантычныя фотасесіі альбо наўпрост прагульваліся парачкі.

Зараз мост у руінах, нібы яго падарвалі перад праходам «варожай тэхнікі». У такім стане ён прыкладна ўжо год: пасля залевы ў 2014-м супрацоўнікі камунальных службаў не прыдумалі нічога лепшага, як …знішчыць помнік. Нібыта дзеля таго, каб не ўтваралася затораў, калі Гараднічанка выходзіць з берагоў.

З’яўленне моста ў горадзе дагэтуль ахінутае таямніцай: на польскіх мапах яго яшчэ няма, а «за саветамі» нічога падобнага ўжо не будавалі – гранітныя блокі замяніў бетон і арматура. Гісторыкі мяркуюць, што мост быў збудаваны пры немцах. Не выключана таксама, што ўзводзілі яго габрэі з гарадзенскага гета, якое месцілася зусім поруч. Калі б атрымалася давесці апошні факт, помнік набыў бы дадатковую гістарычную вартасць.

Яшчэ адно нямецкае збудаванне тых гадоў, па сумнай іроніі лёсу, таксама знаходзіцца ў заняпадзе. Гэта ўнікальны падземны пераход пад чыгуначным палатном на вуліцы Матросава, збудаваны з такіх самых масіўных гранітных плітаў, як і мост. Як узгадваюць мясцовыя жыхары, «за немцамі» пад шляхамі мог праехаць конь з возам, а вышыня пераходу складала ажно тры метры.

Зараз канструкцыя амаль параўнялася з зямлёй, а дакладней – зарасла брудам ды травой. Беларуская чыгунка палічыла за лепшае збудаваць побач новы пераход, праўда, без гукавой і светлавой сігналізацыі. Зрэшты, «народная трапа» пасля пабудовы новага пераходу зусім не зарасла: людзі як хадзілі, так і ходзяць на свой прыпынак наўпрост праз шляхі, парушаючы ўсе правілы.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары