«Немагчыма цярпець хамства ў дачыненні да Расеі». Як Крэмль адкажа на санкцыі ЗША


98 сенатараў – за, 2 – супраць. Верхняя палата Кангрэсу Злучаных Штатаў Амерыкі практычна адзінагалосна прагаласавала за новыя эканамічныя і дыпламатычныя санкцыі ў дачыненні Расеі і атачэння Уладзіміра Пуціна. У дакуменце пералічваюцца маштабныя абвінавачванні Вашынгтону на адрас Масквы: агрэсія на ўсходзе Украіны, замах на кібербяспеку ЗША і спробы паўплываць на вынікі выбараў, падтрыманне Башара аль-Асада ў Сірыі, карупцыя, парушэнне правоў чалавека і шмат чаго іншага.

«ЗША мусяць скіраваць моцнае пасланне Уладзіміру Пуціну і любому іншаму агрэсару, што мы не пацерпім нападаў на нашую дэмакратыю. Менавіта на гэтым грунтуецца новы законапраект», – патлумачыў сенатар ЗША Джон Маккейн.

Прэзідэнту забароняць адмяняць санкцыі без парламенту

Тэарэтычна Доналд Трамп можа накласці вета на гэты праект. Аднак большасць аналітыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што амерыканскі лідар наўрад ці пойдзе на канфлікт з аднапартыйцамі, якія падтрымалі санкцыі ў дачыненні Крамля і асабіста Уладзіміра Пуціна.

Не чакаючы канчатковага рашэння Доналда Трампа, расейскае МЗС апублікавала заяву, згодна з якой з 1-га жніўня амбасадзе ЗША ў Расеі забараняецца карыстацца дыпламатычным лецішчам у Срэбным Бары і складамі ў Маскве. Таксама з 1-га верасня прапаноўваецца скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Расеі да 455 чалавек.

Працягваецца расследаванне ўмяшання Расеі ў амерыканскія выбары

Падчас слуханняў у юрыдычным камітэце амерыканскага Сенату вядомы брытанскі фінансіст і ініцыятар Акту Магніцкага Ўільям Браўдэр назваў прэзідэнта Расеі самым багатым чалавекам у свеце, ацаніўшы багацце Пуціна на $ 200 млрд.

На думку фінансіста, галоўнай замежнапалітычнай задачай Пуціна застаецца адмена Акту Магніцкага, прынятага ў снежні 2012 года і які дазваляе ўводзіць санкцыі супраць тых расейскіх грамадзянаў і кампаніяў, якія датычныя да парушэнняў правоў чалавека. Аднак, гледзячы на апошнія рашучыя дзеянні ў Вашынгтоне, прэзідэнт Расеі, паводле Браўдэра, сам рызыкуе трапіць пад дзеянне гэтага закону.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў