Нелегалы на беларускай мяжы: чачэнцаў паменела, а в’етнамцы «выцясняюць» грузінаў


Belsat.eu палічыў, хто найчасцей парушае межы Беларусі і Еўразвязу. І праверыў, ці датрымаў Лукашэнка сваё абяцанне не лавіць нелегалаў.

Еўразвяз занепакоіўся пасля апошняй трагедыі з мігрантамі ля італьянскіх берагоў. Як вядома, жыхары далёкіх краінаў намагаюцца патрапіць у еўрапейскі вырай і праз Беларусь. Belsat.eu вырашыў даведацца, ці стала больш нелегалаў на беларускай мяжы.

Калі глядзець на лічбы, то часцей за ўсё парушаюць беларуска-літоўскую мяжу. Але прэс-афіцэр Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рокас Пукінскас кажа, што сітуацыя пад кантролем:

«Заўважаем, што былі выкрытыя некалькі арганізаваных груповак, што займаліся перавозам людзей праз мяжу. І пасля адразу бачная тэндэнцыя, што яны мяняюць маршрут. Стараюцца пазбегнуць Літвы, можа стараюцца ісці праз беларуска-ўкраінскую мяжу, украінска-польскую і г.д.».

Пятнаццаць ці дзесяць гадоў таму можна было спаткаць групы нелегалаў па 30-50 чалавек, а цяпер стараюцца пераходзіць мяжу невялікімі групкамі па 2-5 чалавек, адзначае Пукінскас.

Усходняя мяжа – не праблема для ЕЗ

Нязначнае павелічэнне колькасці нелегалаў адзначае і эксперт «Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў» (BISS) Андрэй Елісееў. На яго думку, колькасць затрыманых на ўсходняй мяжы Еўразвязу – кропля ў моры ў параўнанні з сапраўды «праблемнымі» кірункамі міграцыі.

«Калі ў 2010 годзе польскія супрацоўнікі затрымалі 102 замежнікі-нелегалы (без уліку беларусаў), дык у 2014 годзе – 170. Па Літве лічбы 125 чалавек і 646, адпаведна. Але такое павелічэнне ў разы не мусіць нас уводзіць у зман. За год на мяжы Беларусі і Еўразвязу фіксуюць столькі нелегальных перамяшчэнняў, колькі на міжземнаморскім кірунку адбываецца за адзін дзень», – адзначае ў каментары Belsat.eu Андрэй Елісееў.

Ніжэй паказаная табліца з колькасцю затрыманы за нелегальнае перасячэнне мяжы. Дадзеныя прадстаўленыя памежнымі службамі Літвы і Латвіі, а таксама ўзятыя са старонкі памежнай службы Польшчы.

Цікава паглядзець, грамадзяне якіх краінаў часцей за іншых трапляюцца на мяжы. Напрыклад, за мінулы год памежнікі Літвы на мяжы з Беларуссю затрымалі 172 грузіны. Яшчэ 5-7 гадоў прыкладна столькі ж, як і грузінаў, было чачэнцаў, цяпер стала менш, кажа Рокас Пукінскас.

«Цяпер можна назваць ужо тэндэнцыяй павелічэнне колькасці в’етнамцаў. Гэта выключна эканамічныя ўцекачы, якія лічаць Літву транзітнай кропкай і стараюцца прабіцца ва Заходнюю Еўропу. Цяпер в’етнамцы ў лідарах, «спаборнічаюць» з грузінамі», – распавядае прэс-афіцэр літоўскай памежнай службы.

Пагрозы Лукашэнкі аслабіць памежны кантроль засталіся пагрозамі

Два з паловай гады таму Аляксандр Лукашэнка прыгразіў Еўразвязу, што Беларусь не будзе лавіць нелегалаў на мяжы, калі аб’яднаная еўрапейская супольнасць не перастане «размахваць санкцыямі». Альбо не дасць на абарону межаў грошай. Ці гатовы быў кіраўнік Беларусі націснуць на балючую для ЕЗ кропку? Тыя заявы, як кажа Андрэй Елісееў, былі падобныя на прыхаваны шантаж з боку беларускіх уладаў. Увогуле ж улады Беларусі ў адносінах з ЕЗ маюць падыход «адчапіцеся ад нас з дэмакратыяй і правамі чалавека, шануйце наш унёсак у плённае супрацоўніцтва ў плане бяспекі мяжы».

«Выканаць сваю пагрозу напоўніцу ўяўляецца надта рызыкоўным для самога Лукашэнкі, бо канчаткова падарве давер да яго як да партнёра з боку ЕС – выходзіць, не толькі пра каштоўнасці, але і пра бяспеку ЕС і памежнае супрацоўніцтва Беларусь не дбае», – адзначае эксперт BISS.

На ўсходнюю мяжу Еўразвязу прыпадае ля 1 % ад усіх нелегальных перамяшчэнняў у ЕЗ, заўважае Елісееў.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў