Некаторыя паслугі ЖКГ могуць патаннець на палову


Пакуль праект новых тарыфаў чакае подпісу Лукашэнкі.

Працоўная група, створаная паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі, паклала яму на стол праект указа з новымі тарыфамі. Папера трапіла ў кадр сюжэту БТ, дзе яе ўгледзела «Еўрарадыё».

«Вада-каналізацыя» са старой жыроўкі раздзеленыя ў новай на «водазабеспячэнне» і «водаадвядзенне».

Журналіст сплюсаваў два новыя тарыфы і атрымаў Br 4 653 за кубаметр вады. У студзені было Br 8 914, а ў снежні 2015 года – Br 2 515. Пры гэтым гаворка вядзецца пра ільготны тарыф. Поўны, відаць, застаецца нязменным – Br 9 000.

У дакуменце на стале Лукашэнкі разлічаны сабекошт адзінкі паслугі за 2016 год. «Вада-каналізацыя» абыходзіцца пастаўшчыкам у Br 12 850. Адпаведна, жыхары цяпер будуць пакрываць крыху больш за 36% паслугі.

З тэхнічным абслугоўваннем ліфта прасцей: у студзені плацілі Br 9 871 за асобу, у лютым плануецца Br 6 911. Пры гэтым сабекошт адзінкі паслугі за 2016 год – Br 12 656.

Зыходзячы з падгледжаных тарыфаў, «Еўрарадыё» падлічыла жыроўку ў тыпавой кватэры. Такой лічыцца двухпакаёўка плошчай 48 «квадратаў», дзе пражываюць тры чалавекі. За «ваду-каналізацыю» ў лютым гаспадары такой кватэры заплацяць Br 55 836, калі ўявіць, што яны менавіта скарысталі па чатыры кубаметры вады на чалавека, якія датуюцца дзяржавай.

У студзені б выйшла Br 106 968, то бок у два разы больш.

З ліфтам прапорцыі меншыя: у лютым – Br 20 733, у студзені – Br 29 613.

Агулам, па нашых падліках, сума ў жыроўцы паменее на Br 60 000. Да таго ж, пераразлічыць па новых тарыфах абяцаюць аплату не толькі за люты, але і за студзень.

Сярод разгледжаных Аляксандрам Лукашэнкам тарыфаў няма адной з асноўных прычынаў абурэння насельніцтва – «ацяплення». Імаверна, чыноўнікі яго не пераглядалі: маўляў, ацяпляльны сезон амаль скончыўся – няма чаго і кранаць.

Аднак, указ у выніку Лукашэнка не падпісаў: чакаецца, што гэта будзе зроблена ў хуткім часе. Таму пра жыроўкі за люты мовы пакуль не вядзецца.

«Пакуль жыроўкі мы не друкавалі, чакаем, каб у нас быў на руках гатовы падпісаны афіцыйны дакумент», – кажа кіраўніца планава-эканамічнага аддзелу Менгарвыканкаму Юлія Сагайдык.

«Мы ўсе з вамі ўбачым гэты дакумент і ўсё, што нам трэба, усё там будзе. А падрыхтоўчыя працы, натуральна, вядуцца. Яны ж звязаныя не толькі з самімі тарыфамі, якія ўводзяцца ў нашу сістэму, каб потым надрукаваць рахунак-апавяшчэнне. Там жа і паказанні лічыльнікаў, і гэтак далей. Таму падрыхтоўчая праца амаль скончаная, чакаем афіцыйнага дакументу», – заяўляе спецыялістка.

ДД

Стужка навінаў