Неанацыст Мільчакоў, які трэніраваў беларускіх падлеткаў, з'ехаў у Сірыю да «ЧВК Вагнэра»


Выданне «Фантанка» апублікавала фота з базы прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэра» у Сірыі. На фота ў басейне ў кампаніі пяці вагнэраўцаў заўважаны і неанацыст з Пецярбургу Аляксей Мільчакоў.

Мільчакоў вядомы як камандзір ДШРГ «Русіч» – у 2014-2015 гадах падраздзяленне прымала ўдзел у расейскай агрэсіі на Данбасе. Яны адзначыліся жорсткасцю: выразалі свастыкі на твары забітых украінскіх жаўнераў, адразалі ім вушы, пазіравалі на фота на фоне абгарэлых трупаў.

Па вяртанні з Данбасу Мільчакоў заняўся баявой падрыхтоўкай падлеткаў у адмысловых лагерах у Расеі. Рабілася гэта сумесна з правымі радыкаламі з суполкі E.N.O.T Corp. Як пісаў belsat.eu, на заняткі прыязджаюць і каманды з Беларусі. Інфармацыі пра тое, што хтосьці ў Беларусі прыцягнуты да адказнасці за вываз дзяцей да неанацыстаў, на дадзены момант няма.

А сёлета Мільчакоў выправіўся ў Сірыю. Як мяркуюць журналісты «Фантанкі», пяцёра мужчын на фота – падначаленыя Мільчакова, былыя байцы «Русіча», якія цяпер ваююць у «ЧВК Вагнэра». Раней камандзір «Русіча» заўжды ў інтэрв’ю падкрэсліваў, што ваюе не за грошы, а за ідэю.

«ЧВК Вагнэра» – незарэгістраваная ваенная арганізацыя, якая брала ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе (на баку сепаратыстаў) і ў Сірыі (на баку ўрада Асада). Меркавана можа фінансавацца расейскім прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным. Ганарар за спецаперацыі ў вагнэраўцаў складае тысячы долараў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў