Неафіцыйны саюз палякаў пра дзяржаўную арганізацыю: Яны марыянеткі ўладаў і спецслужбаў


Старшыня польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі падчас афіцыйнага візіту ў нашую краіну выказаў спадзяванні, што ў бліжэйшы час праблемныя пытанні, датычныя Саюзу палякаў Беларусі, будуць вырашаныя. Але пакуль што саюзаў палякаў па-ранейшаму два. Адзін аднаго не прызнае, аднак апошнім часам пачалі гучаць галасы за збліжэнне дзвюх структураў польскай меншасці.

У студзені 2009 года прадстаўнікі не прызнанага ўладамі Беларусі Саюзу палякаў баранілі «Польскія дамы» па ўсёй нашай краіне, перад сваймі нечаканымі пераемнікамі. Больш за 10 гадоў таму арганізацыя раскалолася на дзве – на неафіцыйную ў Беларусі, але з падтрыманнем Польшчы, і на прызнаную ўладамі нашай краіны, але не прызнаную за заходняй мяжою.

У нелегальным для афіцыйнага Менску статусе саюз пад кіраўніцтвам Мечыслава Яскевіча падыходзіць да чарговага зʼезду ў Горадні. Сустрэча дэлегатаў адбудзецца на фоне чутак адносна магчымага абʼяднання дзвюх арганізацыяў. Прынамсі пра гатовасць да гэтага заявіў старшыня афіцыйнай з іх.

«Мы зноў працягваем руку і кажам: «Давайце ўсё ж сядаць за стол перамоваў і дамаўляцца». На жаль, з таго боку не відаць жадання – больш за тое, той незарэгістраваны саюз прыняў рашэнне аб неабʼяднанні», – адзначыў старшыня афіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Мечыслаў Лысы.

У саюзе, які застаецца без рэгістрацыі, цвёрда кажуць, што перамовы будуць весці толькі непасрэдна з тымі, хто прымае рашэнне. То бок з уладамі.

«Мы не садзімся з імі, з Лысым і ягонымі памагатымі, за стол перамоваў, бо мы не лічым іх самастойнымі людзьмі. Мы лічым, што яны зʼяўляюцца марыянеткамі беларускіх уладаў і канкрэтна спецслужбаў беларускіх», – падкрэсліў прэс-сакратар неафіцыйнага СПБ Анджэй Пісальнік.

Менавіта акцыяй спецслужбаў называюць яны падзеі 2005 года. Тады на зʼездзе саюзу старшынёй абралі Анджэліку Борыс. Але Міністэрства юстыцыі з вынікам не пагадзілася і прымусіла да перавыбараў. Паводле праваабаронцаў, яны прайшлі ва ўмовах ціску ўладаў на дэлегатаў. Кіраўніком праўладнай арганізацыі стаў Юзэф Лучнік, а саюз Анджэлікі Борыс аказаўся па-за законам.

Але цяпер – у самы разгар адлігі ў афіцыйных дачыненнях Менску і Варшавы – уладам Беларусі на руку была б нармалізацыя сітуацыі з польскай меншасцю.

Пра легалізацыю СПБ і вяртанне саюзу школаў і Польскіх дамоў з Лукашэнкам гаварыў старшыня польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі падчас візіту ў Менск на гэтым тыдні. Але раней кіраўнік Беларусі заяўляў, што на палякаў у нашай краіне ніхто не цісне.

«З Польшчы пачынаюць казаць пра палякаў, афіцыйныя асобы і іншыя, то я кажу: мужыкі, вы пра якіх палякаў? Вы мусіце запомніць, што ў Горадні палякі – так, але гэта нашы палякі. Гэта іх зямля», – казаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Але на сваёй зямлі беларускія палякі зазналі арышты, фінансавы пераслед, суды.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі жыве амаль 300 тысяч прадстаўнікоў польскай меншасці. На зʼездзе незалежнага Саюзу палякаў галоўныя выклікі і праблемы грамады будуць абмяркоўваць блізу дзвюх соцень дэлегатаў.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Стужка навінаў